Наста Някрасава і гурт FolkRoll - "Вір"

110826 Agljadacha.mp3

Нажаль, не магу назваць сябе знаўцам фальклору, таму давядзецца карыстацца выключна ўласнымі ўражаннямі ды эмоцыямі ад праслухоўвання гэтай кружэлкі. Хаця, ці гэта не асноўныя крытэрыі ацэнкі творчасці для ўсіх меламанаў.

Дык вось! Пачну з таго, што мне адразу кінулася ў вочы, калі дыск трапіў да мяне ў рукі – вокладка. Я зараз не пра афармленне, а пра мову. Справа ў тым, што альбом беларускага фальклору аформлены на польскай мове. Хіба толькі тэксты песень ды іх назвы на ўкладышы напісаныя на беларускай, а вось апісанні трэкаў ужо па-польску. Не ведаю, магчыма, улічваючы што пласцінка выдавалася пры падтрымцы “Польскага радыё”, гэта нармальна, але мне неяк незразумела. Таму скончым з вокладкай і пяройдзем да непасрэднага музычнага напаўнення.

Адразу скажу, што вакал Насты ўражвае і глыбінёй і сілай. Ужо ад першай песні альбома чуецца ўплыў Івана Кірчука, Наста даволі часта карыстаецца тымі ж вакальнымі фішкамі, што і Іван Іванавіч. Але ўплыў лідара “Троіцы” – нармальная з’ява, хоць бы таму, што Наста ў яго вучылася. І на гэтым альбоме ёсць, нават, песня “Пойду жы в лес”, якая была запісана падчас экспедыцыі Івана Іванавіча па столінскім раёне і выходзіла на дыску “Століншчына” 2005 года.

Асобна варта сказаць пра музыкаў гурта FolkRoll. Абсалютна прафесійнае гучанне, нічога лішняга, нічога не выпадае… Адзінае, што, на мой погляд, цалкам раскрываюцца яны толькі ў песні “Зязюля”. На гэтым трэку аранжыроўкі ды мелодыка змяняюцца ці не кожную хвіліну, а цягнецца яна больш за дзевяць. Калі я праслухоўваў альбом першыя разы, то стваралася ўражанне, што на дыску стаяць побач адразу некалькі тэкстава падобных песень, і гэта рэальна не напружвае.

Увогуле, альбом “Вір” слухаецца даволі проста, асабліва калі гучыць, так бы мовіць, фонам. Ён ліецца сабе, а ты займаешся сваімі справамі. Думаю, што сядзець каля якога каміна з люлькай і слухаць гэты дыск таксама вельмі прыемна. За выключэннем толькі адной песні, якая называецца “Cykl dzieciency”. Я не кажу што кампазіцыя дрэнная, магчыма, і не, але яе тут быць не мусіць. Яна цалкам выпадае з альбома, яна нават рэжа слых. І справа зусім не ў тым, што песня на польскай мове. Мае словы пра моўнае афармленне альбома тут ніяк не ўплываюць. Тут, хутчэй, справа ў тым, што катлеты мусяць быць асобна, а мухі асобна. А раптоўнае з’яўленне сярод сур’ёзных твораў дзіцячых лічылак неяк адштурхоўвае ад усяго альбома. А неверагодна высокі вакал амаль вымушае зрываць навушнікі. І вось пасля гэтай песні-лічылкі мы адразу чуем:

“Перастарані,
Поможы, Божа, хмару адагнаць
За тыя лясы цёмныя,
За горы высокія”.

Пагадзіцеся дзіўна! Але агулам, дыск складае прыемныя ўражанні, магчыма, пасля больш глыбокага праслухоўвання, я б сказаў, што гэта лепшае, што я чуў сярод беларускіх фолк-выканаўцаў. А цалкам магчыма, што і наадварот. Таму вынік такі, і музыкі і вакал, а адпаведна і аранжыроўкі выдатныя, не малую ролю ў гэтым адыгралі і людзі, якія працавалі са звядзеннем, майстарынгам і гэтак далей, але… У сваім плэеры гэтую кружэлку надоўга я не пакіну, а можа і адразу пасля выхаду гэтай праграмы адтуль яе выдалю.

Застаецца толькі нагадаць, што ўсё сказанае выключна мае думкі, а вы сваё ўражанне лепш складайце самастойна. Толькі вось, якім гэта чынам зрабіць, калі дыск беларускага фальклору разлічаны выключна на палякаў… Карацей, шукайце ў музычных крамах Польшчы!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі