Маскі з вусамі і чырвонай стужкай: правілы элегантнага выжывання ў сезон прастуд

Маскі з вусамі і чырвонай стужкай: правілы элегантнага выжывання ў сезон прастуд

У паліклініцы на чалавека ў масцы глядзяць, як на дзівака

Мінчук Віталь захварэў і пайшоў да тэрапеўта ў паліклініку. А каб у чарзе не захварэць яшчэ больш, апрануў медыцынскую маску. А загадчыца аддзялення, убачыўшы Віталя, вельмі здзівілася: "А чаго вы ў масцы?!".

Ці трэба казаць, што Віталь быў там адзіным, хто паклапаціўся пра маску? Праз гэты невялічкі кавалачак тканіны ў калідорах на яго глядзелі, як на іншапланецяніна. Толькі адна бабуля, убачыўшы хлопца, пахваліла: "Хоць адзін маладзец знайшоўся!".

Еўрарадыё прагулялася з фотаапаратам па калідорах мінскай паліклінікі № 20. За гадзіну ў чэргах нам не трапіўся на вочы ніводзін чалавек у медыцынскай масцы! Нават цяжарная жанчына яе не надзела. "А навошта, — кажа яна, — цяпер жа не эпідэмія..."

У чэргах да тэрапеўтаў людзі часам праводзяць гадзіну і нават больш. Сярод такіх жа хворых пацыентаў!
 

Ці трэба ў сезон захворванняў насіць медыцынскую маску?

Распаўсюджанае меркаванне, што маска не прыносіць ніякай карысці і нават можа нашкодзіць таму, хто яе носіць. Маўляў, у масцы ён дыхае сваімі ж мікробамі. Эпідэміёлагі з гэтым не згодныя.

"Калі чалавек захварэў, і яму трэба схадзіць у паліклініку, маску трэба надзець абавязкова. Чыста тэхнічна, маска не затрымлівае вірус, нават мікробы. Вірус спакойна праходзіць праз яе. Але яна затрымлівае кропелькі слізі, якія распаўсюджваюцца пры чханні, пры кашлі. Адпаведна, калі на чалавека ў масцы нехта чхае, ён гэты аэразоль не будзе ўдыхаць", — распавядае Еўрарадыё загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Пашковіч.

Каб маска не стала крыніцай мікробаў, яе трэба мяняць кожныя дзве гадзіны і прытрымлівацца яшчэ аднаго простага правіла: "Чхаць трэба не ў маску, а ў насовачку ці, на крайні выпадак, у згіб локця. І ні ў якім выпадку — не ў руку. Бо пасля мы трымаемся за поручні, вазкі ў крамах, тэлефоны. І так вірус можа перадавацца. Маску пры чханні трэба зняць", — працягвае эпідэміёлаг.
 

Прыгожыя маскі для разняволеных беларусаў

Маску трэба насіць не толькі ў паліклініцы, але і калі хварэеш дома. "За мяжой, у аэрапортах і ў іншых грамадскіх месцах, людзі ў медыцынскіх масках сустракаюцца паўсюдна. Маска нікому не перашкаджае. Але, каб надзець яе, трэба быць гатовым псіхалагічна", — лічыць Уладзімір Пашковіч.

На думку Еўрарадыё, акрамя псіхалагічнага фактара, ёсць яшчэ і фактар эстэтычны. У свеце на масках малююць і робяць дасціпныя прынты, гэта ўжо сапраўднае мастацтва. А ў беларусаў прыгожых масачак няма. Мы вырашылі запоўніць гэты прабел і папрасілі вядомых рэкламістаў зрабіць уласныя варыянты беларускіх медыцынскіх масак.

Што праўда, час знайшлі далёка не ўсе. Нам вельмі спадабаўся варыянт, які прапанавала Вера Філенка з PRKVADRAT — напісаць на масцы тры балючыя словы "Мне толькі спытаць", з якімі да кабінета доктара падыходзіць кожны другі наведвальнік. Але гэтую маску ў выніку так і не намалявалі.

Затое рэкламіст Ян Карпаў парадаваў: зрабіў цэлых чатыры варыянты масак для беларусаў:

Маскі з вусамі і чырвонай стужкай: правілы элегантнага выжывання ў сезон прастуд
Маскі з вусамі і чырвонай стужкай: правілы элегантнага выжывання ў сезон прастуд

А ў "Арт-сядзібе" на нашу замову зрабілі маску з беларускім арнаментам.

Маскі з вусамі і чырвонай стужкай: правілы элегантнага выжывання ў сезон прастуд

У вас ёсць ідэя, як зрабіць вясёлую і ідэйную медыцынскую маску для беларусаў? Дашліце нам свой варыянт на пошту: [email protected] ці падзяліцеся ім на нашых старонках у сацсетках: FB і VK. Будзем берагчы здароўе адно аднаго і дарыць сустрэчным мінакам добры настрой!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі