Нашыя даяркі працуюць за 300 тысяч, а літоўскія - адмаўляюцца ад 580 еўра

Літоўскія ўлады збіраюцца шукаць у Беларусі і Украіне тых, хто заменіць даярак, якія ўцякаюць за мяжу Нягледзячы на добрыя заробкі (580 еўра – заробак даяркі і 1160 - трактарыста), у літоўскай вёсцы няма жадаючых працаваць. Па словах старшыні Сельгаспалаты Бронюса Маркаўскаса, у гэтым годзе з 368 маладых спецыялістаў у сельскую мясцовасць паехалі толькі 99, астатнія падаліся за мяжу. Заробак еўрапейскай даяркі – 2000 еўра. Літоўскія чыноўнікі разважаюць над тым, як запрасіць на працу спецыялістаў з суседніх краін. І збіраюцца змяніць заканадаўства.

Бронюс Маркаўскас: У нас ёсць спіс спецыяльнасцей, якіх не хапае ў Літве, і ў ім няма ні трактарыстаў, ні даярак, бо нашыя працоўныя біржы не маюць дакладнай інфармацыі, колькі прафесіяналаў нам патрэбна. Таму наш першы крок - каб іх унеслі ў спіс. Але ёсць яшчэ і іншы шлях: мы збіраемся паехаць ва Украіну і запрасіць іх фермераў да сябе на стажыроўку.

Дазнаўшыся ад Еўрарадыё пра такую сітуацыю ў Літве, даярка Алена Котава з СВК “Паставічы” Старадарожскага раёна ўжо сёння была гатова ўсё пакінуць і ехаць у Літву. Яна спачатку папрасіла, каб мы перавялі ў беларускія рублі 580 еўра (бо гэта ёй ні аб чым не кажа), а пасля зазначыла.

Алена Котава:
За 1,5 мільёна я б працавала і дзень, і ноч. Бо летам я зарабляю чыстымі 380 тысяч, а зімой – 130-170 тысяч.

Нягледзячы на такія заробкі, у Беларусі няма дэфіцыту даярак, але пасля заканчэння вучобы маладыя людзі не спяшаюцца ехаць у сельскую мясцовасць. Сакратар дырэктара Слуцкага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя расказала Еўрарадыё, што размеркаванне тут толькі ў калгасы. Але хлопцу могуць зрабіць палёгку і пакінуць у горадзе. Напрыклад, працаваць у сталоўцы.

Сакратар:
Да нас паступаюць дзеці на базе 9-ці класаў. Яны атрымоўваюць сярэднюю адукацыю і на працягу трох гадоў атрымліваюць тры спецыяльнасці: аператар машыннага даення, агароднік і повар.

Але ёсць даяркі, якія ні за што не купяцца на літоўскі заробак. Так, на радзіме прэзідэнта ў СВК “Александрыя” Еўрарадыё сказалі, што калгас у іх своеасаблівы, таму і заробкі такія: у даяркі - 860 тысяч, а ў трактарыста – 825.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі