Нападнік на гей-клуб у Арланда выявіўся заўсёднікам гэтай установы

Нападнік на гей-клуб у Арланда выявіўся заўсёднікам гэтай установы

Амерыканец афганскага паходжання Амар Мацін быў заўсёднікам гей-клуба Pulse у горадзе Арланда, дзе ён застрэліў 49 чалавек і параніў больш за 50, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Не менш за чатыры сведкі заявілі, што неаднаразова бачылі Маціна, які выпіваў у клубе. Па іх словах, часам ён напіваўся настолькі, што пачынаў буяніць.

Яшчэ адзін сведка паведаміў, быццам Мацін прыкладна год таму праз мабільны дадатак для гей-знаёмстваў прапаноўваў яму сустрэцца. Праўда сустрэча так і не адбылася.

Да гэтага ў прэсе агучвалася версія, нібы Мацін напаў на наведвальнікаў гей-клуба за іх сэксуальную арыентацыю.

Паліцыя таксама ўдакладніла змест заявы, якую Мацін зрабіў дыспетчару службы выратавання 911 пасля пачатку страляніны. Раней паведамлялася, быццам ён спаслаўся на дзеянні ад імя экстрэмісцкай групоўкі "Ісламская дзяржава".

Паводле апошніх звестак, Мацін выказаў таксама падтрымку братам Джахару і Тамерлану Царнаевым, якія арганізавалі выбухі ў Бостане ў 2013 годзе. Таксама ён выказаў словы падтрымкі аднаму з амерыканскіх смяротнікаў, якія працавалі на "Аль-Каіду".

Дарэчы, "Ісламская дзяржава" і "Аль-Каіда" варагуюць паміж сабой. У 2013 годзе Мацін трапіў на допыт, калі сказаў калегам, што ўваходзіць у ліванскі рух "Хезбала". Гэты рух варагуе з "Ісламскай дзяржавай", і з "Аль-Каідай".

Следчыя мяркуюць, што Мацін не меў непасрэднай сувязі з экстрэмісцкімі арганізацыямі. А яго настроям паспрыяла ісламісцкая прапаганда ў інтэрнэце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі