Напад на амбасаду яшчэ больш пагоршыць адносіны паміж Мінскам і Масквой?

Расійскія і беларускія эксперты мяркуюць, што здарэнне з расійскім дыппрадстаўніцтвам — не хуліганства, а палітычная акцыя (відэа). На думку былога супрацоўніка КДБ Беларусі Валерыя Косткі, малаверагодна, што напад на амбасаду маглі здзейсніць нейкія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, незадаволеныя фільмам “Хросны бацька”. Хутчэй, кажа, за гэтым стаяць альбо беларускія, альбо расійскія спецслужбы.

Валерый Костка:
“Звычайна такімі акцыямі ніхто не жартуе, і версія, што гэта зрабілі грамадзяне, незадаволеныя “Хросным бацькам”, — яна менш за ўсё верагодная. Цяпер ідзе вялікая гульня, а дзе палітычная гульня на постсавецкай прасторы, такой, як Расія і Беларусь, там абавязкова павінны прысутнічаць спецслужбы хоць у нейкім выглядзе. Тое, што звязана з выбухамі, забойствамі, снайперамі, — за гэтым на 98-99% стаяць спецслужбы”.

Апроч таго, ён нагадаў пра скандал з эстонскім дыпламатам і затрыманнем літоўскага паліцыянта. Усё гэта, лічыць Костка, сведчыць пра тое, што камусьці выгадна сапсаваць адносіны Беларусі з краінамі-суседзямі. А тое, што ўсё гэта адбываецца напярэдадні выбараў, сведчыць пра тое, што тут няма ні тэрарызму, ні хуліганства — а толькі “чыстая” палітыка. Праўда, не ўдакладніў, каму гэтыя канфлікты могуць быць выгадныя.

Палітолаг Юрый Шаўцоў выказаў меркаванне, што кінуць бутэлькі з гаручай сумессю маглі сябры нейкай радыкальнай беларускай групоўкі.

Юрый Шаўцоў: “Яшчэ нядаўна, калі ў нас праходзілі больш-менш заўважныя дэманстрацыі, у нас было нямала людзей, якія закрывалі твары, якія маглі і машыну перакуліць і камянямі закідаць міліцыю. І нават ганарыліся тым, што ездзілі ў нейкія ваенізаваныя лагеры ў Беларусі і ва Ўкраіне. Бог яго ведае, што ад іх засталося цяпер, але выключаць гэтага нельга”.

Праўда, таксама прызнаў, што за такімі групоўкамі вельмі пільна назіраюць спецслужбы, і большасць іх спецслужбамі і курыруюцца. А вось версія, што гэта маглі здзейсніць “радыкалы” з БРСМ, выклікала ў яго смех. Затое з ім не пагадзіўся расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. На пытанне Еўрарадыё “Хто за гэтым мог стаяць?” ён коратка адказаў: “БРСМ”.

Андрэй Суздальцаў: “Гэта ж правакацыя! Я не думаю, што такімі рэчамі будзе займацца нацыяналістычная моладзь. Яны выдатна разумеюць, што сённяшняе абвастрэнне сітуацыі паміж Масквой і Мінскам — гэта наўпроставы вынік дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І калі гэта дзейнічала б нацыяналістычная моладзь, то яна б дапамагала Лукашэнку. Таму я лічу, што гэта найхутчэй БРСМ. Які ў гэтым удзел беларускіх спецслужбаў? Ім лепш відаць. Мы са спецслужбамі не звязаныя і не ведаем, як яны там працуюць. Але тое, што гэта зроблена паводле задання, што гэта не самастойныя дзеянні — гэта на 100%”.

Згодна са словамі былога намесніка міністра замежных спраў Расіі Андрэя Фёдарава, гэтае здарэнне можа быць як звычайным хуліганствам, гэтак і спланаванай акцыяй зацікаўленых сіл. Прычым, як у Беларусі, так і ў Расіі.

Андрэй Фёдараў: “Гэта можа быць як звычайнае бытавое хуліганства асобных несвядомых грамадзян, так і значна больш сур’ёзная рэч — спроба пачаць новае інфармацыйнае і палітычнае супрацьстаянне. Я б не выключаў таго, што і там, і там маглі быць зацікаўленыя ў гэтым людзі. У тым, каб раскрыць такое развіццё падзей”.

Фёдараў адзначае, што гэты інцыдэнт створыць дадатковыя цяжкасці ў беларуска-расійскіх адносінах. Але самае непрыемнае будзе, калі ў Крамлі яго ўспрымуць як палітычна варожы крок з боку Мінска. І тады развіццё падзей прадказаць будзе немагчыма.

А ў тым, што над гэтым выпадкам і над тым, што ён можа азначаць, задумаліся, Юрый Шаўцоў не сумняваецца.

Юрый Шаўцоў: “І ў Расіі, і ў Беларусі шмат хто задумаўся: што будзе далей, калі ўжо пачалі кідаць бутэлькі ў расійскую амбасаду? З катарсісу заўжды ёсць два выйсця — альбо ўніз, альбо ўверх. Але я песіміст, і думаю, што адносіны ў нас будуць толькі пагаршацца”.

Упэўнены ў тым, што адной нотай расійскага МЗС справа не закончыцца, і Андрэй Суздальцаў. Кажа, трэба чакаць зімы ва ўзаемаадносінах. Тым больш, дадае Валерый Костка, калі за ўсім стаяць расійскія спецслужбы: тады гэтая акцыя была завяршальнай кропкай інфармацыйнай вайны, пасля якой ніякага прымірэння быць не можа.

Нагадаем:

Увечары 30 жніўня невядомыя кінулі бутэлькі з гаручай сумессю ў будынак расійскай амбасады ў Мінску.

Здарэнне адбылося каля 23 гадзінаў. На тэрыторыю расійскай амбасады былі кінутыя дзве бутэлькі з гаручай вадкасцю. Адна з іх трапіла ў прыпаркаваны на тэрыторыі амбасады аўтамабіль.

Аднак вялікага пажару не было, дапамога пажарнікаў не спатрэбілася. Паводле інфармацыі РІА "Новости", ніхто не пацярпеў.



10:10 Нападнікаў на расійскую амбасаду зафіксавалі камеры відэаназірання

Зміцер Лукашук

Камеры відэаназірання вакол расійскай амбасады ў Мінску зафіксавалі злачынцаў, якія вечарам 30 верасня кінулі на яе тэрыторыю бутэлькі з гаручай сумессю. Пра гэта Еўрарадыё расказаў адзін з супрацоўнікаў амбасады.

Супрацоўнік амбасады: “Усё зафіксана”.
Еўрарадыё: “І добра бачныя нападнікі?”
Супрацоўнік амбасады: “Так”.

Вось толькі колькі гэтых нападнікаў было, у амбасадзе не адказалі. І адмовіліся ад усялякіх іншых каментароў. Маўляў, зараз ідзе разбіральніцтва.

Нагадаем, што здарэнне адбылося каля 23 гадзінаў. На тэрыторыю расійскай амбасады былі кінутыя дзве, а па іншых звестках – адна бутэлька з гаручай вадкасцю. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.


10:10 МЗС Беларусі асудзіў тэракт у расійскай амбасадзе

Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала заклапочанасць у сувязі з інцыдэнтам на тэрыторыі расійскага пасольства.

"Мы з заклапочанасцю і абурэннем успрынялі інфармацыю пра здарэнне каля амбасады Расійскай Федэрацыі. Гэта злачынная хуліганская выхадка накіраваная супраць здаровага сэнсу і беларуска-расійскіх адносін", — гаворыцца ў адмысловай заяве прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных.

Па словах прэс-сакратара, беларускі бок разлічвае, што вінаватыя панясуць суровае пакаранне ў адпаведнасці з законам.


10:47 Міліцыя: нападнікаў было двое, і на іх пачалі справу

Зміцер Лукашук

Напад на расійскую амбасаду здзейснілі два чалавекі. Па факце здарэння распачатая крымінальная справа. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Ластоўскі: “Падчас агляду месца здарэння супрацоўнікамі следча-аператыўнай групы Цэнтральнага РАУС былі знойдзены шкляная бутэлька ёмістасцю 0,33 л з-пад слабаалкагольнага напою з рэшткамі гаручай сумесі, а таксама рэшткі шкляной бутэлькі з фіцілём. Зараз следча-аператыўная група працягвае працу на месцы здарэння. Мяркуецца, што гэта напад з хуліганскіх памкненняў здзейснілі два чалавекі, асобы якіх высвятляюцца. Распачатая крымінальная справа па артыкуле 339 “Хуліганства” Крымінальнага кодэкса Беларусі”.

У выніку нападу, кажа Ластоўскі, быў падпалены аўтамабіль амбасады "Mazda 3". Але і ён моцна не пацярпеў, бо пажар своечасова пагасілі супрацоўнікі спецбатальёна міліцыі ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

Па яго словах, запісы камер відэаназірання з расійскай амбасады былі перададзеныя ў следчую групу. Але ці бачныя на ёй твары нападнікаў і ці ёсць ужо іх фотаробат, Ластоўскі казаць адмовіўся.

Ластоўскі: “Гэта інфармацыя з’яўляецца закрытай. У інтарэсах следства мы не можам яе агучваць, каб не інфармаваць магчымых падазроных асоб пра тое, на якім свеце зараз знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі ў сэнсе высвятлення асоб і іх затрымання”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не стаў напад на амбасаду адказам пэўных сіл у Беларусі на паказ па расійскіх каналах фільмаў, якія дыскрэдытуюць кіраўніка Беларусі і яе вышэйшае кіраўніцтва. Але кіраўнік прэс-службы ГУУС адмовіўся ад каментароў на гэтую тэму.


11.:05 Расійская амбасада передала ноту ў беларускі МЗС

Віталь Ругайн

Расійская амбасада перадала ноту ў Міністэрства замежных справаў Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся 30 жніўня на тэррыторыі амбасады.

"У Міністэрства замежных справаў перададзена нота амбасады Расійскай Федэрацыі з інфармацыяй аб інцыдэнце і просьбай аказаць спрыянне ў правядзенні дасканалага расследавання. Хачу падкрэсліць, што ўсе кампетэнтныя органы ўжо аказваюць такое садзейнічанне", - заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Нагадаем, раней беларускі МЗС асудзіў інцыдэнт у расійскай амбасадзе.


11:57 Маскоўская міліцыя ўзмацніла ахову амбасады Беларусі ў Расіі

Маскоўская міліцыя паставіліа дадатковую ахову ў каля беларускай амбасады ў Маскве. Нагодай, як паведамляе РІА "Новости", стаў інцыдэнт у Мінску.

Па словах начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Масквы Вячаслава Казлова, аператыўныя нарады былі набліжаныя да амбасады Беларусі.

Нагадаем, што мінская міліцыя пачала крымінальную справу па артыкуле "хуліганства" і высвятляе асобы двух падазроных.


12:12 Костка: Атаку на амбасаду ўчынілі спецслужбы

Зміцер Лукашук

На думку былога супрацоўніка КДБ Беларусі Валерыя Косткі, малаверагодна, што напад на расійскую амабасаду ў Мінску маглі здзейсніць нейкія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, незадаволеныя фільмам “Хросны бацька”. Хутчэй, кажа ён, за гэтым стаяць альбо беларускія, альбо расійскія спецслужбы.

Костка: “Звычайна такімі акцыямі ніхто не жартуе. І версія, што гэта зрабілі грамадзяне, незадаволеныя “Хросным бацькам”, яна менш за ўсё верагодная. Зараз ідзе вялікая гульня, а дзе палітычная гульня на постсавецкай прасторы, такой, як Расія і Беларусь, там абавязкова павінны прысутнічаць спецслужбы хоць у нейкім выглядзе. Тое, што звязана з выбухамі, забойствамі снайперамі, – за гэтым на 98-99% стаяць спецслужбы”.

Апроч таго, ён нагадаў пра скандал з эстонскім дыпламатам і затрыманнем літоўскага паліцыянта. Усё гэта, лічыць Костка, сведчыць пра тое, што камусьці выгадна зараз сапсаваць адносіны Беларусі з краінамі-суседзямі. А тое, што ўсё гэта адбываецца напярэдадні выбараў, сведчыць, што тут няма ні тэрарызму, ні хуліганства, а толькі “чыстая” палітыка. Праўда, экспер не ўдакладніў, каму гэтыя канфлікты могуць быць выгадныя.


12:35 Шаўцоў: На расійскую амбасаду магла напасці радыкальная групоўка

Зміцер Лукашук

Палітолаг Юрый Шаўцоў выказаў меркаванне, што кінуць бутэлькі з гаручай сумессю маглі сябры нейкай радыкальнай беларускай групоўкі.

Шаўцоў: “Яшчэ нядаўна, калі ў нас праходзілі больш-менш заўважныя дэманстрацыі, у нас было нямала людзей, якія закрывалі твары, якія маглі і машыну перакуліць, і камянямі закідаць міліцыю. І нават ганарыліся тым, што ездзілі ў нейкія ваенізаваныя лагеры ў Беларусі і ва Ўкраіне. Бог яго ведае, што ад іх засталося зараз, але выключаць гэтага нельга”.

Праўда, Шаўцоў таксама прызнаў, што за такімі групоўкамі вельмі пільна назіраюць спецслужбы і большасць іх спецслужбы і курыруюць. А вось версія, што гэта маглі здзейсніць “радыкалы” з БРСМ выклікала ў яго смех. Па словах Шаўцова, БРСМ – гэта арганізацыя, дзе сабраліся маладыя бюракраты і кар’ерысты. І яны могуць наклеіць налепку на сметніцу, але на нешта больш радыкальнае не здольныя.


13:28 Суздальцаў: Расійскую амбасаду атакаваў БРСМ

На пытанне Еўрарадыё: “Хто мог стаяць за нападам на расійскую амбасаду?” расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў коратка адказаў: “БРСМ”.

Суздальцаў: “Гэта ж правакацыя! Я не думаю, што такімі рэчамі будзе займацца нацыялістычная моладзь. Яны выдатна разумеюць, што сённяшняе абвастрэнне сітуацыі паміж Масквой і Мінскам – гэта наўпроставы вынік дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І калі гэта дзейнічала б нацыяналістычная моладзь, то яна б дапамагала Лукашэнку. Таму я лічу, што гэта найхутчэй БРСМ. Які ў гэтым удзел беларускіх спецслужбаў – ім лепш відаць. Мы са спецслужбамі не звязаныя і не ведаем, як яны там працуюць. Але тое, што гэта зроблена па заданні, што гэта не самастойныя дзеянні, гэта на 100%”.

Ён упэўнены ў тым, што адной нотай пратэсту расійскага МЗС справа не закончыцца. Кажа, трэба чакаць зімы ва ўзаемаадносінах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі