Намінантамі Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі сталі шэсць аўтараў

На Дні беларускага пісьменства ў Шчучыне былі названыя намінанты Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Як перадае БЕЛТА, прэмію атрымалі шэсць аўтараў, хаця конкурс быў аб'яўлены па сямі намінацыях: прэмію за "Дэбют" не атрымаў ніхто. Агулам на конкурс было заяўлена 45 работ.

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел міністр інфармацыі Лілія Ананіч, старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, а таксама міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў і міністр культуры Барыс Святлоў.

У намінацыі "Лепшы твор паэзіі" ўладальніцай прэміі стала Тамара Краснова-Гусачэнка за кнігу "Сустрэча". Уладзімір Саламаха з кнігай "І няма шляху чужога" стаў пераможцам у намінацыі "Лепшы твор прозы". У галіне драматургі лепшым названы цыкл сцэнарыяў для перадач "Зваротны адлік" (АНТ) беларускага сцэнарыста, празаіка, кандыдата гістарычных навук Наталлі Голубевай.

За "Лепшы твор публіцыстыкі" прэмію атрымаў Міхаіл Шыманскі — аўтар кнігі нарысаў "Мы гэтай памяці верныя". У намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" прэміяй узнагароджаная Ганна Скаржынская-Савіцкая за кнігу казак "Надзейка-чарадзейка".

Таксама прэмію "Лепшы крытычны твор" атрымаў журналіст і крытык, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Марціновіч — аўтар кнігі "Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча".

Фота з сацыяльных сетак