Намесніка начальніка Лунінецкай міліцыі разжалавалі ва ўчастковыя

Міліцыя ў Беларусі / gztzara.by

Намесніка начальніка Лунінецкай міліцыі падпалкоўніка Паўла Паўловіча разжалавалі ва ўчастковыя і перавялі служыць у суседні Пінскі раён, піша "Медыя-Палессе".

Выданне нагадвае, што менавіта Паўловіч пераследаваў журналістаў пасля публікацыі пра збіццё таксоўца ў Лунінцы. Таксовец зрабіў заўвагу п'яным пасажырам пра іх непрымальныя паводзіны. У адказ яны яго жорстка збілі. Мужчына, які пагражаў таксоўцу "закапаць", выявіўся мясцовым крымінальным "аўтарытэтам". Па словах таксоўца, прыбылыя міліцыянты не адправілі хуліганаў на медагляд.

Публікацыю на сайце "Медыя-Палессе" ў мілцыі палічылі ўдарам па аўтарытэце і пачалі супраць выдання судовы працэс. Маўляў, публікацыя "выклікае сумнеў у неабароненасці ад злачынных замахаў, здольная выклікаць рост у сацыяльнай неабароненасці, недавер да органаў унутраных спраў". У выніку сайт аштрафавалі за распаўсюд інфармацыі, распаўсюд якой забаронены ў СМІ.

Цяпер падпалкоўнік Паўловіч, піша выданне, абараняе гонар міліцыі як просты ўчастковы. Прычына такога рашэння не паведамляецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.