Намеснік міністра юстыцыі: не памятаю, каб я нешта такое падпісваў

Адказ міністэрства юстыцыі на запыт недзяржаўнага аб'яднання "Грамадзянская Беларусь" падпісаў чалавек, які яго нават не чытаў
Беларускія ўлады могуць адмяніць крымінальную адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Такі адказ на свой запыт у Міністэрства юстыцыі Беларусі атрымала міжнароднае недзяржаўнае аб'яднанне "Грамадзянская Беларусь" (Чэхія). Пад дакументам стаіць подпіс намесніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Ігара Геранінавіча і папрасіла пракаментаваць гэты адказ. Вось што сказаў на гэта намеснік міністра юстыцыі:

"Мой адказ? Вы не памылілся? Таму што я штосьці не памятаю, каб я нешта падпісваў наконт гэтага артукула Крымінальнага кодэкса, бо гэта не мая сфера. Я эканамічнымі пытаннямі займаюся".

Але потым высветлілася, што ўсё ж ён мог падпісаць гэты ліст, але дакладна не памятае, бо праз намеснікаў міністра праходзіць шмат дакументаў.

Ігар Тушынскі: "Праз нас ідуць усе праекты. Іх вельмі шмат. А я вяду эканоміку. Я падпісаў можа быць таму, што не было намесніка, які курыруе гэтыя пытанні".

Палітолаг і юрыст Юрый Чавусаў кажа, што тут магла быць сітуацыя, як з пастановай урада нумар 991:

"Тут магло быць, як з пастановай урада № 991, калі Сідорскі нават не ведаў пра яе і не чытаў, калі падпісваў".

Як даведалася Еўрарадыё у Міністэрстве юстыцыі, чалавек, які рыхтаваў адказ, цяпер у адпачынку і звязацца з ім няма магчымасці.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі