Вы тут

"Нам не хапае вашай бульбы": пра што беларусы просяць Лукашэнку

Беларусы запісваюць звароты да Лукашэнкі

У сацсетках апублікаваныя дзясяткі зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі. Беларусы просяць яго ўмяшацца ў самыя розныя сітуацыі: ад пасадак бульбы да будаўніцтва жылля. Вы скажаце, што гэта не прэзідэнцкі ўзровень? Але расказвае ж Лукашэнка чыноўнікам пра тое, што ротарная жняярка — гэта не абмалот, кароў трэба мыць, а кныр галоўнейшы за свінаматку!

Беларусы вераць, што Лукашэнка разбярэцца — як раней сяляне верылі ў добрага цара, а хадакі — у Леніна. Толькі вось хадзіць сёння нікуды не трэба — дастаткова зняць відэа і загрузіць на "Ютуб". Мы паглядзелі, пра што беларусы просяць Лукашэнку:

 

Фермер Юрый Ганцэвіч — адзін з 15 цяперашніх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла — звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай прыняць удзел у пікеце на прыродзе — прыляцець на верталёце ў аграгарадок Пакалюбічы ў Гомельскім раёне.

— Вашы словы пра тое, што вы гатовыя паспаборнічаць з кожным у сферы вядзення сельскай гаспадаркі, не даюць мне спакою, — кажа Ганцэвіч. — За чатыры гады набыў уласны, ні з чым не параўнальны досвед у сельскай гаспадарцы. Займаючыся працай дзень і ноч.

Жыхар Расіі Валянцін Шлякаў расказаў пра тое, што ў яго роднай краіне робіцца беззаконне.

— Звяртаюся да вас дапамагчы нам стварыць камітэт нацыянальнага выратавання тут, у Расіі. Я хацеў бы, каб гэты камітэт узначалілі менавіта вы, Аляксандр Рыгоравіч. Як чалавек, які не баіцца гэтаму монстру, Уладзіміру Пуціну, гаварыць у вочы праўду.

Зварот сланімчанкі Надзеі Пугаевай быў апублікаваны ў сакавіку гэтага года і ўжо сабраў больш за чвэрць мільёна праглядаў:

— Паважаны Аляксандр Рыгоравіч. Вы — мой прэзідэнт. Я — законапаслухмяная грамадзянка. Да вас не дастукацца. Лісты не даходзяць. Прамой лініі зносін з народам у вас няма. Можа, цяпер вы мяне пачуеце. Вось хутка выбары, вы зноў пойдзеце ў прэзідэнты. Дык няўжо вы не ведаеце, не бачыце, як мы коцімся ў прорву?

Некалькі калектыўных зваротаў прысвечана праблемам пры здачы шматкватэрных дамоў.

— Гэты відэазварот — наша апошняя надзея ўсталяваць справядлівасць, — кажуць сябры ЖБВК №272 з Гомеля.

У Бараўлянах пад Мінскам жыхары просяць спыніць высечку лесу:

— У нашым раёне знаходзіцца адна школа і два садкі. І катэгарычна не хапае месцаў дзеткам у садку. Таму, калі ласка, хай на гэтым месцы высечаных дрэў паставяць яшчэ адзін сад, каб нашы дзеткі маглі быць побач з намі і каб нам не даводзілася вазіць іх у Мінск.

Некаторыя, не знайшоўшы справядлівасці ў Беларусі, абяцаюць пайсці далей — у ААН. Зрэшты, праваабаронцы не раз адзначалі, што наша краіна на рашэнні Камітэта па правах чалавека не рэагуе.

Большая частка праблем, з якімі беларусы ідуць да Аляксандра Лукашэнкі, — прыватныя. Іншая рэч раней. Адзін з першых зваротаў да кіраўніка Беларусі на "Ютубе" запісаў стваральнік фінансавай піраміды МММ Сяргей Маўродзі. У дзень, калі абваліўся беларускі рубель, ён спрабаваў пераканаць Лукашэнку адрадзіць у Беларусі МММ і тым самым выратаваць эканоміку. Не атрымалася. Напэўна, на шчасце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.