Наеховічы: “Як толькі ты хочаш стаць не андэграўндам..."

Нядаўна ў Мінску гасціла цудоўная каманда з Масквы “Наеховичи” (вясёлыя мінчукі, не ведаючы дзе ставіць націск, імгненна перайначылі гурт у “ПанаЕхавічы”). Хлопцы граюць гарэзлівы клезмер, а яшчэ не супраць пагутарыць з Еўрарадыё. Чытайце інтэрв’ю з лідэрам гурта Ванем Жуком. ЕРБ: А вось што: давай патрэніруем тваю памяць для пачатку. Год таму, горад Мінск, канцэрт гурта “Наеховічы” на мансардзе вось гэтага дома, дзе мы цяпер знаходзімся. Што-небудзь можаш узгадаць з таго канцэрта?

Ваня Жук: Ведаеш, той канцэрт, я табе шчыра скажу, быў для мяне няўдалым. Я памятаю, мы вярнуліся з доўгага туру, дзе гралі толькі ўдалыя канцэрты, а тут прыехалі ў Мінск, нас усе тут ведаюць, мы далі слабіну...Я застаўся не вельмі задаволены тым выступленнем.




ЕРБ:
Ці памятаеш каманды, з якімі тады граў на адной сцэне?

Ваня Жук: Серебряная свадьба!

ЕРБ: А яшчэ? Там былі чатыры гурты, альбо нават пяць.

Ваня Жук: У-у-у... (звяртаецца да Папы Бо, які сядзіць насупраць) Андруся яшчэ была каманда, так? Яго ж звалі Андрусь, так? І яго каманда там грала, так? Я дрэнна імёны запамінаю... Так... І хто ж яшчэ...О! І гаспадар мансарды быў, чувак, які спяваў. Слухай, давай памяць не будзем тэставаць.

(Смяемся, замаўляем смачнай гарбаты, працягваем)




“У сучасным свеце самае важнае і вартае мастацтва – гэта інтэрнэт-самапрэзентацыя”



Ваня Жук: Давай я лепей мае тэсты парэкамендую. У мяне ў ЖЖ вісяць juk.livejournal.com 184 пытанні! Губляеш хвілінаў 40, затое ўсё пра сябе даведваешся.

ЕРБ: І што ты даведаўся пра сябе?

Ваня Жук: Што ў мяне неўратызацыя па NY-тыпе, псіхапатызацыя па РА-тыпе і псіхапатызацыя па яшчэ нейкім тыпе. Я гэты тэст праходжу раз на год. Калі мне было 28 гадоў, у мяне было 3 неўратызацыі і адна псіхапатызацыя і не было лідэрскіх якасцяў. Не было! А ў гэты раз тры псіхапатызацыі!!!, толькі адна неўратызацыя, большая верагоднасць РА-разладаў і (!!!) можа быць лідэрам. Вельмі карысны тэст. Дарэчы, магу даць параду, як “набыць” лідэрскія якасці ў гэтым тэсце: на пытанне “што будзеш рабіць, калі ад твайго рашэння залежыць лёс многіх людзей” патрэбна адказаць “мне пофіг, усё нармальна, я спакойны”.

ЕРБ: Ведаю, што “Наеховичи” ёсць у многіх сацыяльных сетках – у ЖЖ, на Аднакласніках, У кантакце, на Myspace. Як ты ставішся да кожнай з гэтых сетак?

Ваня Жук: Я доўгі час быў актыўным карыстальнікам ЖЖ, потым перастаў, а цяпер выкарыстоўваю гэты блог як сродак камунікацыі. Душу там не выліваю, таму што яна туды выліваецца кепска. Не тое.

Myspace вельмі дрэнна працуе, немагчыма карыстацца. Тармазіць, пастаянна забывае паролі, агулам, поўная лухта.

Нядаўна стварыў “В контакте” новы акаўнт. Ужо другі. Мне там асабліва падабаецца пошук па музычных запісах. Ні фіга сабе! Усе вывешваюць музычныя запісы, і можна іх шукаць.

Дарэчы, мне падаецца, што ў сучасным свеце самае важнае і вартае мастацтва – гэта інтэрнэт-самапрэзентацыя. Ну, як у старажытным Кітаі была каліграфія, фехтаванне альбо заварка гарбаты. Так вось “В контакте” для гэтага цяпер больш за ўсё магчымасцяў. Павел Дураў, чувакі, так? (Павел Дураў — стваральнік «В контакте», — заўвага. Рэд.)
“Одноклассники”!..Поўная лухта. Асабліва не падабаецца сістэма паведамленняў, адразу адтуль сышоў. Пайшлі яны, гэтыя аднакласнікі. “Кропка.ру”, канешне, а не мае сапраўдныя аднакласнікі.

ЕРБ: Атрымліваецца, што больш за ўсё Ваню Жуку падабаецца бавіць час “У Кантакце”?

Ваня Жук: Ой, не! Шчыра кажучы, мне не падабаецца губляць час “В контакте”. Я больш люблю сядзяць і даваць інтэрв’ю Еўрарадыё ў кавярні “Лондан”, тут прыкольна!




“Калі ты хочаш стаць неандэграўндным музыкам, у цябе ўвогуле перастане што-небудзь атрымлівацца”


ЕРБ: Шмат людзей, якія прыходзяць на вашы канцэрты, паняцця не маюць, што значыць “клезмер” – стыль, у якім вы граеце. Распавядзі!

Ваня Жук: «Клезмер» цяпер — гэта вясельная музыка ўсходне-еўрапейскіх габрэяў. А раней “клезмерамі” называлі музыкаў. “А хто ў нас Мойша? А Мойша ў нас клезмер. Яго на ганак не пускай, ён абетаў не выконвае, ды і заразы нанясе!” – вось так казалі пра клезмераў.

ЕРБ: Можаш падрабязней расказаць пра канцэпцыю гурта «Наеховичи»?

Ваня Жук: Магу. Нават у вершах магу:

Однажды россияне
Ванюши, Тани, Мани,
танцуя на гулянье — на вечеринке! —
открыли новый стиль.
Штиблеты и сапожки
И береста и ложки
И русская семиструнная ги-та-ра.




ЕРБ:
Не надакучыла сядзець у андэграўндзе?

Ваня Жук: Не, тут выдатна. Глянь хаця б на беларускія андэграўдныя гурты: “Нагуаль”, “Гурзуф”, “Аддис Абеба”, “Серебряная свадьба”. У такой кампаніі – файна!

ЕРБ: ...ці ўсё ж такі ў перспектыве стаць такой жа камандай як Gogol Bordello, якія таксама сядзелі ў андэграўдзе, а цяпер папулярныя па ўсім свеце?

Ваня Жук: Рэч у тым, што калі ты хочаш стаць музыкам, якая не грае андэграўнд, у цябе перастае што-небудзь атрымлівацца ўвогуле, і ты становішся горш, чым андэграўнд. Я думаю, Gogol Bordello вядомыя толькі таму, што рабілі сваю справу шчыра і файна цягам доўгага часу. Гэта адзіны шлях. А капіяваць кагосьці, на мой погляд, бессэнсоўна.

ЕРБ: Якія гукі ты любіш больш за ўсё і якія інструменты?

Ваня Жук: На дадзены момант я вельмі палюбіў гук электрагітары. Хаця калісьці ў цяжкія гады ў Маскве мне гэты гук вельмі моцна абрыд. А цяпер усё ў парадку, я зноў палюбіў гук электрагітары. Гэта прыкольная рэч. Асабліва мяне цікавіць гук сяміструннай электрагітары ў рускім строі. Я зрабіў сабе такую з паўакустыкі Gibson, паставіўшы сёмую струну. Цяпер на ёй крыху нязручна граць, затое яна ў рускім сяміструнным варыянце. Гэта так файна! Гэта зусім новы інструмент па магчымасцях. Усім раю.

ЕРБ: А вось апрацоўка гуку цябе цікавіць?

Ваня Жук: Апрацоўка? (тэатральна) Мяне цікавіць вар’яцкі фазер! (смяецца). Дылэй і вар’яцкі фазер на ўсім! І каб быў спецыяльны чувак за пультом, які гэта ўключаў, і каб ён адчуваў маю энергію, адчуваў, калі гэта цяпер ідзе ў нас разам, і ён уключае фазер, а я на сваёй сяміструнцы ўоўўўўоооооўтрр. Вось гэта было б прыкольна!




“Пра глабальныя праблемы няхай пакуль думаюць больш спрытныя хлопцы”


ЕРБ: Музыкі часта даюць дабрачынныя канцэрты і тым самым робяць свой унёсак у вырашэнні многіх глабальных праблем. Што турбуе цябе? Да вырашэння якой праблемы ты быў бы не супраць прыкласці свае намаганні?

Ваня Жук: Мне вельмі хочацца навесці парадак у сваёй машыне, зрабіць “антыкоп”, каб яна не развалілася. Яшчэ, я ўжо год як адзін жыву ў бацькоўскай кватэры. Там не ўсё ў парадку з электраправодкай, выключальнікі адлятаюць. Значыць,трэба правесці сетку. І яшчэ разабрацца, як там вада працуе. Пасля таго, як я вырашу гэтыя задачы, магчыма, у мяне будзе нейкае права думаць аб праблемах на ўзроўні ўсяго дому, дзе я жыву. А ўжо пра глабальныя праблемы няхай пакуль думаюць больш спрытныя хлопцы. Я хачу даць такую параду ўсім, хто мяне чуе.




ЕРБ:
Перадаеш што-небудзь слухачам Еўрарадыё?

Ваня Жук: Я заўжды магу дапамагчы парадай. Звяртайцеся, калі што. Я добра ведаю жыццё!

Myspace: http://www.myspace.com/nayekhovichi




Фота:
Ганна Дрозд


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі