Вырасла колькасць ахвяр ракетнага абстрэлу ў Дняпры — 327-я раніца вайны

У Дняпры працягваюць разбіраць завалы /  @V_Zelenskiy_official
У Дняпры працягваюць разбіраць завалы /  @V_Zelenskiy_official

Як мінімум тры чалавекі атрымалі раненні ў выніку начнога абстрэлу Запарожжа. Медыкі забралі іх у бальніцу. Двое з пацярпелых — гэта дзеці 9 і 15 гадоў, кажа сакратар Запарожскага гарадскога савета Анатоль Курцеў. Разбураныя аб'екты грамадзянскай, жылой і прамысловай інфраструктуры.

У Дняпры працягваюць разбіраць завалы. Нагадаем адна з расійскіх ракет, выпушчаных па горадзе 14 студзеня, трапіла ў шматпавярхоўку. Разбураныя 72 кватэры, яшчэ больш за 230 — пашкоджаныя. Колькасць загінулых вырасла да 36 чалавек. Сярод іх — двое дзяцей. Невядомым застаецца лёс больш за 30 чалавек.

Разбор завалаў будзе працягвацца, пакуль будзе хоць найменшы шанец выратаваць жыццё. Пра гэта ў начным відэазвароце казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён таксама звярнуўся да расіян, якія нават пасля такой атакі "не змаглі вымавіць нават некалькіх слоў асуджэння", хоць "выдатна ўсе бачаць і ведаюць".

"Ваша баязлівае маўчанне, спроба перачакаць тое, што адбываецца, скончацца толькі тым, што аднойчы гэтыя ж тэрарысты прыйдуць і за вамі. Зло вельмі адчувальна да баязлівасці... І калі яно прыйдзе па вас, няма каму будзе вас абараняць", — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Выбух гэтай ноччу чулі і ў Севастопалі. Пра гэта паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы. А ТАСС са спасылкай на мясцовыя ўлады сцвярджае, што гэта спрацавалі сістэмы супрацьпаветранай абароны — збілі над бухтай беспілотны лятальны апарат.

На фронце, тым часам, без значных пераменаў. Расіяне вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. На Бахмуцкім кірунку ад агню пацярпелі раёны больш за 25 населеных пунктаў. Па гарадах і пасёлках Данецкай вобласці расіяне б'юць з танкаў і ўсяго артылерыйскага спектру, адзначаюць украінскія вайскоўцы.

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Крэмль рыхтуецца да правядзення рашучых стратэгічных дзеянняў у найбліжэйшыя паўгода. Мэта — вярнуць ініцыятыву і пакласці канец чарадзе аператыўных поспехаў Украіны. Адным з верагодных сцэнарыяў можа быць спроба арганізаваць буйны наступ у раёне Луганскай вобласці. Другі варыянт, мяркуюць аналітыкі Інстытута, гэта "абарончая аперацыя па разгрому і выкарыстанні ўкраінскага контрнаступлення". Яны нагадваюць, што ў канцы 2022 года Крэмль перадыслакаваў з Херсонскага кірунку ў Луганскую вобласць значныя вайсковыя падраздзяленні і ўсталяваў палявыя ўмацаванні ў Луганскай вобласці, а таксама ў Белгародскай і Курскай абласцях Расіі. А ў Кіеве ўжо неаднаразова публічна казалі пра намер правесці контрнаступленне ў 2023 годзе.

"Расійскія войскі могуць паспрабаваць паспяхова адбіць украінскае контрнаступленне і пазбавіць Украіну ініцыятывы, знішчыўшы значную частку механізаваных украінскіх сіл. Такія паспяховыя рашучыя дзеянні Расіі маглі б затым дазволіць расійскім сілам развіць контрнаступленне, каб выкарыстоўваць дэзарганізаваныя і знясіленыя ўкраінскія сілы", — адзначаюць у ISW.

Аналітыкі таксама нагадваюць, што поўны захоп Данецкай і Луганскай абласцей застаецца афіцыйнай вайсковай мэтай Масквы ў гэтай вайне. Акрамя таго, адной з найбольш лёгкадаступных.

Выросло число жертв ракетного обстрела в Днепре  — 327-е утро войны в Украине
Карта баёў у Данецкай і Луганскай абласцях / understandingwar.org

Германія зможа перадаць Украіне танкі Leopard не раней наступнага года. Час патрэбны, каб іх адрамантаваць і падрыхтаваць, піша Welt са спасылкай на старшыню Рады дырэктараў канцэрна Rheinmetall Арміна Паппергера. І гэта пры ўмове, што рашэнне аб перадачы танкаў будзе прынята. Пакуль яго няма.

"Нават калі заўтра будзе прынята рашэнне аб тым, што мы можам адправіць нашы танкі Leopard ў Кіеў, пастаўка працягнецца да пачатку наступнага года", — заявіў Паппергер.

Цяпер у канцэрна ёсць 22 спісаных танка Leopard 2 і 88 машын папярэдняй мадэлі Leopard 1. Аднак Паппергер адзначыў, што яны патрабуюць рамонту, які можа доўжыцца амаль год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі