Начны абстрэл Запарожжа і новыя здымкі Салядара — 323-я раніца вайны ва Украіне

Варонкі ад снарадаў ля дарогі на Салядар / twitter.com/Maxar
Варонкі ад снарадаў ля дарогі на Салядар / twitter.com/Maxar

Расійскія войскі ноччу абстралялі Запарожжа. Пацярпелі аб'екты інфраструктуры, кажа сакратар Запарожскага гарадскога савета Анатоль Курцеў. Пашкоджанні атрымалі і жылыя дамы. Але людзі, папярэдне, не пацярпелі.

Усяго за мінулыя суткі расіяне нанеслі 4 ракетных і 23 авіяцыйныя ўдары. Акрамя таго, здзейснілі 69 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Украінскія вайскоўцы адбілі атакі ў раёнах Стэльмахоўкі і Крэмянной у Луганскай вобласці, а таксама Падгорнага, Бахмута, Кляшчэеўкі і шэрагу іншых населеных пунктаў Данецкай вобласці. Салядар у зводцы Генштаба згадваецца сярод іншых населеных пунктаў, якія былі пад абстрэлам расіян: тут — на Бахмуцкім кірунку яны б'юць "з танкаў, мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі". Пад такім агнём былі каля 15 населеных пунктаў.

Ночной обстрел Запорожья и новые снимки Соледара —  323-е утро войны в Украине
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Расійскія паблікі сцвярджаюць, што атрады группы Вагнера вядуць у Салядары "зачыстку катла на заходняй ўскраіне горада. Некаторыя ўкраінскія падраздзяленні здаюцца ў палон". А крыху на захад, па словах гэтых крыніц, расійскія войскі штурмуюць абарончыя пазіцыі УСУ ў раёне чыгуначнай станцыі Соль. Адначасова з гэтым развіваецца наступ у кірунку Благадатнага, аднаго з апошніх ўмацаваных раёнаў УСУ пад Салядарам.

Аб узяцці Салядара рассіяне адчытваліся ўжо ўчора. Мінабароны Украіны абвергла гэтыя заявы. Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны пры гэтым адзначаюць, што "магчымы захоп Салядара наўрад ці дазволіць расійскім войскам захапіць Бахмут". Паводле іх ацэнкі, расійскія войскі па-ранейшаму далёкія ад таго, каб перарэзаць украінскія наземныя лініі сувязі, неабходныя для атачэння Бахмута. Эксперты Інстытута лічаць, што "расійскія наступальныя аперацыі па захопу Бахмута, верагодна, завяршыліся з-за пагаршэння аператыўных магчымасцяў".

Тым часам кампанія Maxar Technologies апублікавала спадарожнікавыя здымкі Салядара ў жніўні і цяпер. На фота відаць, як пацярпеў горад.

Ночной обстрел Запорожья и новые снимки Соледара —  323-е утро войны в Украине
Салядар / twitter.com/Maxar

Прызначэнне Валерыя Герасімава новым камандуючым расійскіх войскаў кажа пра разуменне Уладзімірам Пуціным, што ход вайны не адпавядае стратэгічным мэтам Расіі. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе разведкі Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.

"Прызначэнне начальніка Генштаба як камандуючага тэатрам ваенных дзеянняў з'яўляецца паказчыкам росту сур'ёзнасці сітуацыі, з якой сутыкаецца Расія, і выразным прызнаннем таго, што кампанія не адпавядае стратэгічным мэтам Расіі", — мяркуюць у братанскім Мінобароны.

У Інстытуце вывучэння вайны таксама лічаць, што прызначэнне Герасімава — гэта спроба Крамля палепшыць расійскае камандаванне "для вырашальных ваенных дзеянняў у 2023 годзе". Але, акрамя таго, гэты крок з'яўляецца і палітычным — імкненнем умацаваць расійскае Міністэрства абароны. У ISW нагадваюць аб супрацьстаянні прафесійных ваенных і фінансіста Яўгена Прыгожына, гаспадара прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера. У сваім чарговым аглядзе эксперты Інстытута таксама адзначаюць няздольнасць расійскіх прадпрыемстваў вырашыць праблему недахопу боепрыпасаў. Гэта, на думку аналітыкаў, можа прывесці да правалу наступальных аперацый на ўсходзе Украіны.

Тым часам новую ваенную дапамогу Кіеву паабяцалі Літва і Польшча. Варшава перадасць танкі, Літва — зенітныя сістэмы. Гэта зброю, якая неабходна "для абароны ад іранскіх беспілотнікаў, для абароны нашага энергетычнага сектара", распавёў ў традыцыйным відэазвароце украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

З 1 студзеня Украіна патроху пачала імпартаваць электраэнергію. Пра гэта піша Інтэрфакс-Украіна са спасылкай на міністр энергетыкі Германа Галушчанка. Але аб'ёмы імпарту залежаць ад рамонту энэргетычнай інфраструктуры і ад расійскіх абстрэлаў. "Але, безумоўна, на імпарт мы таксама разлічваем", — адзначыў Галушчанка.

10 часовых мастоў агульным коштам у 3 мільёны даляраў перадала Украіне Нарвегія. Іх усталююць на вызваленых тэрыторыях. Па гэтых мастах змогуць перасоўвацца грузы з гуманітарнай дапамогай, карэты хуткай дапамогі, пажарныя аўто, рамонтныя брыгады. Ва ўкраінскім міністэрстве інфраструктуры нагадваюць, што Нарвегія стала трэцяй краінай, якая перадала ва Украіну часовыя масты — раней гэта ўжо зрабілі Чэхія і Францыя. Таксама ў Кіеве чакае масты ад Швецыі і яшчэ адну партыю — ад Чэхіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі