Начная атака дронаў, пажары ў Кіеве і Дняпры — 398-я раніца вайны

Ратавальнікі ліквідуюць наступствы начной атакі дронаў у Кіеве / @dsns_telegram
Ратавальнікі ліквідуюць наступствы начной атакі дронаў у Кіеве / @dsns_telegram

Расіяне зноў атакавалі Украіну дронамі. Ва ўкраінскім Генштабе кажуць, што збілі 14 з 15 беспілотнікаў тыпу Shahed 136. Выбухі чулі, у прыватнасці, у Кіеве. Мэр горада Віталь Клічко ўначы пісаў, што гарыць будынак крамы. Пазней пажар удалося лакалізаваць. Пацярпелых, папярэдне, няма. Кіеўская адміністрацыі адначасова паведамляла, што ў горадзе працуе СПА.

Раніцай ратавальнікі апублікавалі здымкі наступстваў начной атакі на Кіеў. Адзін з пажараў, па іх словах, быў у 3-павярховым адміністрацыйным будынку. Там адбылося разбурэнне будаўнічых канструкцый на плошчы 200 кв. м.

Яшчэ два дроны збілі ў Днепрапятроўскай вобласці. Адзін трапіў у прыватнае прадпрыемства. "Там адбыўся моцны пажар. Агонь ахапіў 4 тыс. кв. метраў", — распавядае кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак. Пажар тушылі некалькі гадзін. "Абышлося без пацярпелых. Гэта галоўнае. Таму што людзі — гэта наша самая вялікая каштоўнасць", — падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі.

Ночная атака дронов, пожары в Киеве и Днепре — 398-е утро войны
У Кіеве ў выніку начной атакі пашкоджаны адміністрацыйны будынак / @dsns_telegram

Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы нагадвае і аб учорашнім ракетным удары па Славянску. Там пацярпелі мірныя жыхары, пашкоджаныя шматпавярховыя і прыватныя дамы.

На фронце расіяне спрабавалі наступаць на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За суткі на гэтых кірунках сілы абароны Украіны адбілі 62 атакі. Самыя жорсткія баі, па словах украінскіх вайскоўцаў, працягваюцца за Бахмут, Аўдзееўку і Мар'інку.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі ў апошнія дні, верагодна, дамагліся поспехаў у Бахмуце. Экспэрты параўналі відэазапісы з геалакацыяй, апублікаваныя 24 і 26 сакавіка, і прыйшлі да высновы, што ў расіян ёсць прасоўванне "уздоўж вуліц Зялёная і Аляксандры Калпаковай на паўночным захадзе Бахмута". Гэтыя вуліцы знаходзяцца ў пары кіламетраў ад самага цэнтра горада, адзначае УНІАН.

Акрамя таго, "на апублікаваных 27 сакавіка геалакацыйных кадрах відаць, як фінансіст Wagner Group Яўген Прыгожын наведвае школу № 5 недалёка ад цэнтра", пішуць аналітыкі Інстытута. Пры гэтым эксперты дапускаюць, што нейкія найбольш баяздольныя часткі "Вагнера" маглі перакінуць і на Аўдзееўскі кірунак, "каб падтрымаць выматаныя і нізкаякасныя часткі "ДНР", якія спрабуюць узяць гэты населены пункт. "Калі такія байцы "Вагнера" сапраўды ваююць пад Аўдзееўкай, гэта можа тлумачыць абмежаваныя тактычныя поспехі РФ у гэтым раёне ў апошні тыдзень",  гаворыцца ў справаздачы ISW.

Ночная атака дронов, пожары в Киеве и Днепре — 398-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

Чарговае пасяджэнне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага Украіны ў гэты раз правялі на выездзе — у Дняпры. Пра гэта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў у вячэрнім відэазвароце. "Менавіта тут — у стратэгічным горадзе цэнтра нашай краіны", — сказаў ён. Зяленскі ўчора здзейсніў паездку да лініі фронту, наведаў Запарожскую і Данецкую вобласці, у тым ліку горад Нікапаль, які ўвесь час абстрэльваюць расіяне.

У Стаўцы абмяркоўвалі агульную сітуацыю ў прыфрантавых раёнах, умацаванне і абарону ўкраінскіх межаў па ўсёй працягласці фронту — ад Херсона да Харкава. "Кожны камандуючы разумее, што вораг павінен адказваць за кожны ўдар па нашых гарадах і вёсках, па нашых людзях. За Славянск, за Канстанцінаўку і Дружкоўку, за Аўдзееўку і Тарэцк, за ўвесь боль украінцаў — і не толькі за час поўнамаштабнай вайны, але і за час ад 14-га года", — сказаў Зяленскі.

Учора ўвечары Зяленскі таксама правёў размову з польскім калегам Анджэем Дудам. Украінскі прэзідэнт распавёў яму пра сітуацыю на фронце. Абмеркавалі актуальныя абаронныя патрэбы Украіны і сумесныя дыпламатычныя намаганні на бліжэйшы час. "Рыхтуемся да важных мерапрыемстваў", — дадаў украінскі прэзідэнт.

Тым часам баявыя нямецкія танкі Leopard 2 ужо ва Украіне. Пра гэта ў панядзелак, 27 сакавіка, паведаміў канцлер ФРГ Олаф Шольц (Olaf Scholz) падчас візіту ў Нідэрланды, піша DW. Гаворка пра 18 машынах. Апошнія танкі з гэтай партыі пакінулі  Герамнію ў канцы мінулага тыдня і ўжо перададзеныя прадстаўнікам Украіны. Акрамя таго, Украіна ўжо атрымала і каля 40 бронетранспарцёраў Marder.

А Рада Бяспекі ААН адхіліла расійскую прапанову пачаць новае міжнароднае расследаванне па выбухах на"Паўночных патоках". Пра гэта паведамляе Reuters. Толькі тры краіны прагаласавалі за прапанаваную рэзалюцыю сама Расія, Кітай і Бразілія. Астатнія 12 краін устрымаліся. Каб прыняць рэзалюцыю, Расіі трэба было прынамсі дзевяць галасоў  "за" і адсутнасць Вета з боку Кітая, Францыі, Злучаных Штатаў ці Брытаніі. У цяперашні час расследаванне па прарывах на газаправодах "Паўночны паток" праводзяць Данія, Германія і Швецыя. Аднак Расія лічыць іх прадузятымі і патрабуе пачаць новае. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі