На забароненую польскую дыктоўку ў Гродне прыйшло больш за 300 чалавек

Правядзенне польскай дыктоўкі 6 красавіка ў будынку Гродзенскага ўніверсітэта было забаронена, аднак на дыктоўку ўсё роўна прыйшло больш за 300 чалавек. Самаму старэйшаму яе ўдзельніку мінула 80 гадоў. Мерапрыемства ладзілася ўжо трэці раз і мела сваей мэтай спраўдзіць веданне польскай мовы. Узнагарода пераможцы конкурсу трымаецца ў сакрэце. Вядома толькі, што ён ці яна атрымае стужку “Знаўцы польскай арфаграфіі” і дарагі падарунак коштам прыкладна 500 долараў. Кожны ўдзельнік дыктоўкі таксама атрымае падарунак адукацыйнага кшталту. Сярод падарункаў слоўнікі, энцыклапедыі, МР3, DVD з рознымі навучальнымі праграмамі і нават веласіпед.

Тэкст дыктоўкі чытаў Тадэуш Шнук, рэдактар Польскага радыё. Арганізатарамі дыктоўкі выступілі Консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, Polska Macierz Szkolna і кафедра славянскай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аднак у самы апошні момант кіраўніцтва ўніверсітэта адмовілася ад правядзення ў іх корпусе дыктоўкі, назваўшы яго палітычнай акцыяй, прысвечанай ўвядзенню ў Беларусі "Карты паляка". Пра гэта паведаміла намесніца старшыні грамадскага аб’яднання Polska Macierz Szkolna Тэрэса Крышынь.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна