На Валожыншчыне скралі 16 самазвалаў пяску

На Валожыншчыне скралі 16 самазвалаў пяску

З незвычайным крадзяжом сутыкнуліся следчыя Валожынскага раёна, піша "Рэгіянальная газета". Падрабязнасці здарэння распавяла старшы следчы Валожынскага раённага Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.

Адна фірма выйграла тэндар на выкананне прац для арганізацыі, што размяшчаецца ў Валожынскім раёне. Для выканання працы фірма пастаянна падвозіла да месца работ машыны пяску.

Пясок вазілі адным і тым жа маршрутам. Аднак 2 красавіка майстар загадаў кіроўцу вазіць пясок у іншае месца. Аднак новым маршрутам абурыліся жыхары вёскі, праз якую паехаў аўтамабіль. Ім не спадабалася, што самазвалы псуюць іх дарогу, таму вскоўцы паскардзіліся ў ДАІ.

На чарговым рэйсе інспектар спыніў кіроўцу самазвала і праверыў дакументы. Паводле пуцёўкі, пясок вазілі не туды, куды патрэбна было гаспадару. Але кіроўца адказаў, што выконвае загад майстра.

Пры сустрэчы з міліцыяй майстар адразу прызнаўся, што пясок скраў. Ён выконваў просьбу знаёмага доктара, які папрасіў падсыпаць дарогу да яго ўчастка. Меркавалася, што для падсыпкі прывязуць 24 самазвалы пяску, але паспелі выгрузіць толькі 16.

Дарэчы, доктар следчым паведаміў, што пра пясок сказаў майстру між іншым. І доктар, і майстар сцвярджаюць, што за пясок доктар нічога не плаціў.

Майстар ужо выплаціў 889 рублёў кампенсацыі за шкоду. На яго пачалі крымінальную справу за крадзеж праз злоўжыванне службовым становішчам.

Фірма, дзе працуе майстар, заяўляе, што не мае супраць абвінавачанага прэтэнзій, бо шкоду той пагасіў.

На думку следчай, з улікам гэтых абставін, а таксама прызнання віны, майстар можа атрымаць у судзе толькі адміністрацыйную адказнасць.

"Такога ў маёй практыцы яшчэ не было. Бывалі розныя рэчдокі, але ўпершыню так, каб адразу горы!" — канстатуе Селятыцкая. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі