Вы тут

На пахаванні Усхопава маці сказала, што яе сына забіў рэжым

На пахаванні Дзмітрыя Усхопава ў Рэчыцы

На пахаванні Дзмітрыя Усхопава ў Рэчыцы яго маці Алена заявіла: сына забіў рэжым. Пра гэта журналістам радыёстанцыі, абвешчанай экстрэмісцкай, распавяла адна з сведак падзеі.

На пахаванне прыйшло каля сотні чалавек. 

"Маці выйшла з падʼезда са здымкам Дзімы ў руках і звярнулася да прысутных з такімі словамі, што яе сына забілі і што ёй ужо нічога не страшна, бо забралі самае дарагое — то чаго баяцца? Маці сказала, што яе сына забіў рэжым, і ў яе ўсё акамянела ўнутры", — кажа жыхарка Рэчыцы.

Маці сказала прысутным, што Дзмітрый ехаў да яе сустракаць Новы год. Яна сказала, што ні яна сама, ні сын не был ў апазіцыі. "Але яна сказала, што колькі яшчэ будуць забіваць нашых дзяцей?" — распавядае сведка. 

Маці Усхопава абурылася заявамі МУС і Следчага камітэта пра тое, што Дзмітрый нібыта набываў "закладкі" з наркотыкамі. "Маці сказала, што ён у таты прасіў перад Новым годам два з паловай рублі — на працу трэба было аднесці. Таксама маці паказала гематомы на галаве сына, рукі з сінякамі", — кажа жанычна.

28-гадовы Дзмітрый Усхопаў загінуў у навагоднюю ноч. Паводле афіцыйнай версіі, яго смерць не насіла траўматычнага характару. Міліцыя заявіла пра высокую ступенб ап'янення і наяўнасць наркотыкаў у арганізме. Сваякі не вераць у афіцыйную версію і заяўляюць, быццам маладога чалавека збілі ў міліцыі.

У Рэчыцы затрымалі блізкіх сяброў Усхопава. Іх вінавацяць у незаконным абарачэнні наркотыкаў: нібыта ў іх знайшлі каля кілаграма марыхуаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.