Вы тут

На "Нафтан" сёння прыбудзе саудаўская нафта

Танкер у порце Клайпеды / Delfi.lt

16 траўня на НПЗ "Нафтан" прыбудзе 60 цыстэрнаў саудаўскай нафты, піша БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу "Белнафтахіма". У Беларусь даставяць 3600 тон паліва, набытай у нацыянальнай нафтавай кампаніі Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco. Раней паведамлялася, што ў клайпедскі порт прыйшоў танкер, які прывёз для Беларусі 87 тысяч тон чорнага золата.

А вось танкер з 80 тысячамі тон амерыканскай нафты для Беларусі прыбудзе ў Літву напачатку чэрвеня. Пра пастаўкі "з задавальненнем" паведаміў сам міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што пастаўкі нафты з ЗША — гэта частка дзяржаўнай стратэгіі па дыверсіфікацыі крыніц і забеспячэнню ўстойлівай працы беларускіх НПЗ.

Вялікія расійскія кампаніі з 1 студзеня 2020 года спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь, бо не змаглі дамовіцца наконт прэміі за сыравіну. Пасля гэтага афіцыйны Мінск купляў нафту ў дробных расійскіх кампаніях, а таксама набываў яе ў іншых пастаўшчыкоў — напрыклад, у Азербайджана. Толькі з красавіка расійскія кампаніі пагадзіліся аднавіць пастаўкі нафты. Аднак улады Беларусі заявілі, што надалей не будуць разлічваць толькі на расійскія крыніцы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.