На лідарку гурта Naka падалі ў суд за “Малітву”

Анастасія Шпакоўская спявала "Малітву" на прэзентацыі праекта Re:Песняры 12 верасня 2014 года ў клубе Re:Public. Кампазітар Алег Моўчан, аўтар песні, якую выконваў Уладзімір Мулявін, цяпер вінаваціць спявачку і патрабуе 18 мільёнаў рублёў.

"Калі так, то само існаванне кавер-бэндаў ставіцца пад пытанне, то бок увесь свет можа разбурыцца, — разважае Анастасія Шпакоўская. — Яму не спадабалася наша версія песні, і ён забараніў яе для масавага друку — гэта яго права. Але за тое, што я выканала песню адзін раз на канцэрце, я заплачу яму. У мяне невялікі заробак — 3,5 мільёны. Думаю, 5 адсоткаў у месяц з яго я буду 10 гадоў плаціць. А так нармальная гісторыя: будзем ведаць, што нельга спяваць такія выбітныя песні публічна і без дазволу".

19 лютага спявачку запрашаюць на размову ў судовую калегію па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда. Імаверна, Шпакоўская другі раз у жыцці ўбачыць Алега Моўчана. Позва стала для яе нечаканасцю (першая сустрэча лідаркі Naka з кампазітарам адбылася на сцэне тэатра імя Горркага падчас прэм'еры спектакля "Пясняр").

Нагадаем, Анастасія Шпакоўская і гурт Naka узялі ўдзел у праекце Re:Песняры, прымеркаваным да 45-годдзя "Песняроў". Падчас падрыхтоўкі трыб'юта ініцыятары праекта сутыкнуліся з паралельнай рэальнасцю, дзе ішлі разборкі наконт спадчыны "Песняроў". Праблемы пачаліся праз жонку Уладзіміра Мулявіна Святлану Пенкіну, якой належаць выключныя правы на творы яе мужа, і кампазітара Алега Моўчана, які не дазволіў уключаць у праект яго знакамітую "Малітву" (версія "Накі" яму не спадабалася). Нягледзячы на забарону аўтара, гурт Naka рызыкнуў і выканаў свой варыянт "Малітвы". Як кажуць удзельнікі гурта, выключна на знак пашаны да творчасці "Песняроў". Камерцыйнай выгады не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі