На лагіста ідуць, бо “бацькі вырашылі”, на эканаміста — “каб працу знайсці"

“Стаяць чэргі. Самая вялікая цяпер на Юрыдычны факультэт, потым Міжнародныя адносіны і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. У асноўным, сёння ідуць алімпіяднікі і людзі з высокімі прахаднымі баламі”, — апісвае Еўрарадыё старт уступнай кампаніі намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.

І сапраўды, у фае галоўнай ВНУ краіны не прайсці: абітурыенты стаяць у чэргах па анкеты на паступленне. У першы ж дзень прыёму дакументаў, да 12 гадзіны праз камісію праходзіць столькі, колькі за ўвесь першы дзень летась. Абітурыенты спяшаюцца, бо прыём на бюджэт скарацілі да 5 дзён, а гэта ўдвая менш, чым было ў мінулым годзе.

“Паступаю на хімічны факультэт. Хачу стаць фармацэўтам-правізарам. Ужо тры гады хіміяй займаюся. З трох тэставанняў і атэстата маю 240 балаў”, — дзеліцца планамі апошні ў чарзе на вышэйшую адукацыю Даніла.

Да паступлення ён рыхтаваўся з рэпетытарамі, а па профільнай хіміі мае 80 балаў са 100.

Трох алімпіяднікаў з ліцэя БДУ заўважаем у чарзе на фізічны факультэт. Двое ідуць на даследчыкаў, адзін хоча быць айцішнікам.

“Хачу ў навуку, тым больш, фізічны факультэт тут лепшы. Мы з дзявятага класа фізікай займаемся”, — кажа за траіх пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды Аляксей.

Выпускніца мінскай школы Ліда ідзе на лагіста бо “так бацькі вырашылі”.

“Мне ўсё адно, буду лагістам пасля. У мяне 257 балаў, год рыхтавалася з рэпетытарам”, — тлумачыць абітурыентка.

Выпускніца каледжа з Гомеля Дар’я ідзе на эканаміста, бо “так хутчэй працу знайсці”. Хоча трапіць на завочнае.

“Калі не ведаеш на каго паступаць — ідзі на эканаміста, пракаціць. Хацела пайсці на праграміста — вочы падкачалі, хацела на фізрука... А на эканамічны — галава рубіць, нібыта”, — апісвае ваганні выпускніца машынабудаўнічага каледжа. Бо без вышэйшай адукацыі не можа знайсці працу.

У Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка таксама наплыў. Фае запоўненае абітурыентамі.

“Пайду на факультэт пазашкольнай адукацыі, люблю дзяцей. Доўга думала куды ісці, хацела на спартыўнае нешта. Але мама запэўніла, каб ішла ў педагагічны. На курсах рыхтавалася”, — распавядае выпускніца мінскай школы Карына.

“Абіраю паміж лагапедыяй і псіхалогіяй. У мяне 218 балаў па тэстах і атэстаце. Праз пяць гадоў яшчэ не ведаю, чым буду займацца”, — расказвае абітурыентка БДПУ Ганна.

А яе сяброўка Дар’я ідзе на гістарычны з 240 баламі па тэстах і атэстаце. Профільную гісторыю Беларусі здала на 73.

У гэтым годзе на тэставанне запісаліся 105 тысяч абітурыентаў. У мінулым годзе абітурыентаў было на 12 тысяч больш.

Абітурыенты БДУ ў фае ўніверсітэта

Галоўнае фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі