Вы тут

На іспанскім інды-дыска-лэйбле выйшла песня на беларускай мове

Лідарка гурта Tanin Jazz Таня Гарошка​

У Іспаніі на лэйбле Golden-Soul-Records выйшла песня на беларускай мове "Liquid" ("Плаваючы гук"). Яе запісала мінская Таня Гарошка з гурта Tanin Jazz разам з іспанскім індзі-дэнс-музыкам Джэймсам Родам. Музыкі супрацоўнічаюць каля года, звычайна робяць англамоўныя песні. А тут Джэймс прапанаваў Тані праспяваць на нацыянальнай мове. 

"Мне падабаецца той факт, што людзі з Іспаніі стараюцца мяне падтрымаць, прапануюць, каб я пісала на сваёй роднай мове. Ім цікавая мова краіны, у якой я жыву... Праўда, спачатку яны напісалі, што я руская спявачка, потым выправілі, — уздыхае Таня Гарошка. — Мне падаецца, атрымалася цікавая праца. Сучасная. У трэка містычны і своеасаблівы настрой".

Тэкст для песні "Liquid" спявачка напісала сама. Дагэтуль беларуская мова гучала ў танцавальным праекце "Танінага джазу", быў выпушчаны ЕР "Агні гарадоў". Новы трэк выйшаў у складанцы “OLD SCHOOL DISCO FRIENDSHIP”. Сумесныя трэкі Тані Гарошка і Джэймса Рода у асноўным гучаць на дыджэйскіх складанках і радыё, якія спецыялізуюцца менавіцца на інды-дыска.

"Дзякуючы гэтай калабарацыі,  мне ўсё больш прапановаў прыходзіць па супрацоўніцтве з рознымі артыстамі з усёй Еўропы. Гэта вельмі прыемна. У будучым я планую тур па Іспаніі", — распавядае спявачка.

1 снежня Таня Гарошка з праектам Tanin Jazz выступіць у рэстаране Feelini.