На другім паўфінале Emergenza наведвальнікі не дачакаліся канца
2-га лютага ў клубе "Рэактар" прайшоў другі паўфінал беларускага адбору міжнароднага фестывалю Emergenza.
Гэтым разам удзел бралі маладыя прадстаўнікі цяжкой сцэны, лепшымі з якіх, паводле галасавання наведвальнікаў, сталі "Mechanical Heart" і "Marie Chante Quelle Elle Telephone". Нагадаю, што ў паўфіналах фестывалю даволі цікавы падыход да галасавання: пасля выступу гурта гледачы, калі ім спадабаўся калектыў, падымаюць рукі, колькасць якіх са сцэны падлічваюць арганізатары. І калі падчас першага паўфіналу, ні ў каго не ўзнікла прэтэнзій да такога падліку, то цяпер наконт аб'ектыўнасці з’явіліся пытанні.
Справа
ў тым, што наведвальнікі сыходзілі адразу пасля выступу іх улюбёнага
калектыву, а таму бліжэй да канца мерапрыемства ў зале амаль не
засталося людзей. Але па словах арганізатара Змітра Хламава, ніякіх ільгот для апошніх гуртоў падчас падліку не рабілася.
Зміцер Хламаў: "Фестываль
праводзіцца ва ўсіх 25 краінах па адной сістэме, і мы яе не маем права
змяняць. Тут вельмі шмат вырашае лёсаванне, вельмі не шансуе першаму і
апошняму гуртам. І зноў жа хачу сказаць, што мы робім рассылкі для ўсіх
удзельнікаў Emergenza, дзе пішам, маўляў, калі ласка папярэдзьце сваіх
прыхільнікаў, каб яны прыходзілі на першы гурт і заставаліся да
апошняга. Бо толькі гэта гарантуе максімальную колькасць галасоў і
перамогу".
Зміцер дадаў, што з боку арганізатараў усё, што было абяцана, зроблена. Музыкі выступаюць на лепшай канцэртнай пляцоўцы, з лепшым абсталяваннем, а сам фестываль актыўна рэкламуецца.
![](/files/styles/in_report/public/field/image/2011/02/6957/20429.jpg)
![](/files/styles/in_report/public/field/image/2011/02/6957/20431.jpg)
![](/files/styles/in_report/public/field/image/2011/02/6957/20427.jpg)
У прынцыпе, калі казаць шчыра, то натоўп пачаў разыходзіцца падчас выступу гурта "Phase Shift"
- маладых, амбіцыйных хлопцаў, тэкст першай песні якіх выклікаў
жартаўлівыя каментары з усіх бакоў залі. Сказаць, што ў музыкаў нізкі
прафесійны ўзровень нельга, проста дзякуючы сваёй маладосці і адпаведных
тэкстаў песень, яны не ўспрымаліся сур'ёзна. Праўда, варта падзякаваць
іх прыхільнікам, відавочна, аднагодкам, яны засталіся да самага канца
паўфіналу.
Цікава,
што некаторыя музыкі, якія не ўдзельнічаюць у фестывалі, але ходзяць
паглядзець на калектывы, таксама не дачакаліся канца. Напрыклад,
гітарыст гурта "Петля Пристрастия" Іван Сялішчаў, які прысутнічаў на абодвух паўфіналах, сышоў з канцэрта вельмі хутка, палічыўшы, што ўзровень выступоўцаў вельмі нізкі.
А вось гітарыст і басіст гурта "Жнюв" Аляксандр Семянюк і Зміцер Якута, засталіся да канца мерапрыемства і нават абралі сваіх фаварытаў.
Музыкі "Жнюв": "Першы дзень быў проста "выбух мозга". Старпёры, паслухайце што грае моладзь, вы зразумееце, што ўсё дарма! Ім на "Рок-кароны",
на ўсе тэлебачанні прамая дарога. Другі дзень. Я люблю цяжкую музыку,
але ў мяне вушы балелі. Насамрэч, тут таксама шмат адкрыццяў. Напрыклад,
першая каманда грала складаны джаз, змяшаны з корам (першымі выступаў гурт Kusudama - заўв. Еўрарадыё).
Прыемна, але непадрыхтаваны слухач можа стаць у тупік. Мы за яго
прагаласавалі, але пакуль не зразумелі яго. На нашу думку, у фінал
мусілі выйсці магілёўскія хлопцы "3t.On". Ну, а другое і трэцяе месца нашага ўласнага хіт-параду займаюць "Weesp" і "Клан" - прафесійна, прыгожа, клёва, дакладна, мясіста!".
![](/files/styles/in_report/public/field/image/2011/02/6957/20451.jpg)
Дададзім, што сам гурт "Жнюв" выступіць на фестывалі Emergenza ў трэцім паўфінале, які пройдзе 9 лютага ў тым жа "Рэактары". Таксама змагацца за выхад у фінал будуць гурты "Karavan", "Sang Sattawood", "Open Space", "The Fraiz", "Tesaurus" і "Lavatrina".
Квіткі каштуюць ад 10 да 20 тысяч.
Даведка "Еўрарадыё":
Emergenza
- гэта музычны марафон, які праходзіць у больш чым 20 краінах свету:
сотні тысяч музыкаў на тысячах канцэртаў граюць жывую музыку. Гэта
найбуйнейшы міжнародны музычны фэст для пачынаючых і паўпрафесійных
гуртоў. Фэст праходзіць ва ўсіх найбуйнейшых гарадах заходняй Еўропы і
Паўночнай Амерыкі. Удзел у ім могуць узяць гурты любой стылістычнай
скіраванасці, якія выконваюць як свае ўласныя творы, так і каверы.
Фота: Gluctim