На будаўніцтве метро рабочы ўпаў у катлаван, у метрабудзе здарэнне не прызнаюць

На будаўніцтве метро рабочы ўпаў у катлаван, у метрабудзе здарэнне не прызнаюць

У рэдакцыю Еўрарадыё трапіла відэа няшчаснага выпадку на будаўніцтве метро. Рабочы пацягнуўся за чанам, страціў раўнавагу і ўпаў з вышыні ў катлаван.

Па словах чалавека, які даслаў нам гэтае відэа, здарэнне адбылося на будпляцоўцы станцыі “Плошча Францішака Багушэвіча” (раён вуліцы Клары Цэткін у Мінску), а пацярпелы — рабочы будаўніча-мантажнага ўпраўлення №1 Мінскметрабуда:

"Хлопец, які ўпаў, дагэтуль застаецца на бальнічным. Ён дома, але ходзіць на мыліцах. Яго завууць Арцёмаў А.А., ён рабочы БМУ №1. Адказны па тэхніцы бяспекі С. [прозвішча ёсць у рэдакцыі] схаваў здарэнне на вытворчасці. Падагналі “Жыгулі”, загрузілі хлопца ў машыну і адвезлі ў бальніцу. Ён упаў ў 12:30, толькі ў 15:05 яго павезлі, увесь гэты час ён ляжаў на бетоне. У хлопца была разбітая галава, у яго цяпер праблема з нагой. Яшчэ прысутнічаў майстар П. [прозвішча ёсць у рэдакцыі], ён таксама схаваў здарэнне".

Старонка, з якой прыйшло відэа, падалася нам фэйкавай. Неўзабаве яна была выдаленая, таму ў сапраўднасці роліка ўзніклі сумневы. Ніякіх доказаў таго, што здарэнне сапраўды мела месца і што месца дзеяння на відэа — Мінск, наш чытач не пакінуў.

Камера відэаназірання захавала дату здарэння: 5 чэрвеня 2018 года. Адзін з рабочых Мінскметрабуда пацвердзіў Еўрарадыё, што няшчасны выпадак меў месца і сапраўды здарыўся на будаўніцтве станцыі “Плошча Францішака Багушэвіча”:

На будаўніцтве метро рабочы ўпаў у катлаван, у метрабудзе здарэнне не прызнаюць

Яшчэ некалькі рабочых, з якімі мы звязаліся, чулі пра гэты інцыдэнт, але падрабязнасцяў не ведаюць. Па іх словах, будаўнік сам парушыў тэхніку бяспекі: ён працаваў на вышыні без абавязковага ў такіх умовах страховачнага пояса. Гэта сур’ёзнае парушэнне, адказнасць за якое мусіць несці не толькі інжынер па тэхніцы бяспекі, але і сам рабочы.

У сацсетках мы адшукалі Арцёма Арцёмава, які падыходзіць пад апісанне, месцам працы якога пазначаны Мінскметрабуд. Але на сувязь ён не выйшаў: прачытаў некалькі паведамленняў і пакінуў іх без адказу.

На будаўніцтве метро рабочы ўпаў у катлаван, у метрабудзе здарэнне не прызнаюць
А.А. Арцёмаў / ok.ru

“У нас ёсць пакет дакументаў, што ён атрымаў траўму ў быце”

З запытам наконт відэа Еўрарадыё звярнулася ў Мінскметрабуд.

“Гэта быццам бы наш аб'ект”, — адказвае нам намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы арганізацыі Алег Байчук, але факт здарэння не пацвярджае. — У мяне дакладная запіска намесніка галоўнага інжынера Даўгалевіц Алы Аляксандраўны, яна ў нас адказвае за тэхніку бяспекі. Вось што яна піша: "У БМУ №1 у нас ёсць Абрамаў А.А., арматуршчык чацвёртага разраду ўчастка №3. Зараз у яго лісток часовай непрацаздольнасці.

У БМУ №2 ёсць Арцёмаў В. В., праходчык на паверхневых работах, працуе па цяперашні час. Пятага чэрвеня ў яго быў працоўны дзень. Вось у мяне ёсць тлумачальная запіска ад Абрамава, што 4 чэрвеня, дэмантуючы дах свайго дома, ён спатыкнуўся і зваліўся з лесвіцы, пашкодзіў нагу і звярнуўся да лекара на наступны дзень. Пра гэта ёсць заключэнне ўрача. Дыягназ — С82 [пералом галёнкі. — Еўрарадыё]. Пятага ён працаваў у першую змену. Дык хто гэта [на відэа]?”

Прадстаўнік Мінскметрабуда кажа, што арганізацыя правяла ўнутранае расследаванне сітуацыі.

“Казаць пра тое, што гэта наш рабочы, мы не можам. У гэты час там працавалі і субпадрадныя арганізацыі. Прозвішча гэтага чалавека няма, убачыць твар не ўяўляецца магчымым. Форменнае адзенне — гэта пытанне вельмі спрэчнае. Дата і ўсё астатняе таксама спрэчныя, — працягвае Алег Байчук. — Трэба праводзіць дадатковае расследаванне, вывучаць больш падрабязна гэтае відэа. Калі на ім Абрамаў, дык прабачце, у нас ёсць пакет дакументаў, што ён атрымаў траўму ў быце. Калі гэта Арцёмаў  упаў, дык павінны былі быць наступствы, дыягназ. Але няма ні таго, ні іншага”.

Такім чынам, па версіі прадстаўніка Мінскметрабуда, відэа можа быць сапраўдным, але можа апынуцца і фэйкам. На ім можа прысутнічаць рабочы прадпрыемства, але не Арцёмаў, а Абрамаў. Калі гэта сапраўды ён, дык па нейкім супадзенні ён зламаў нагу за дзень да здарэння, але не звяртаўся да дактароў, на наступны дзень прыйшоў на працу ў першую змену і толькі пасля трапіў у лякарню. Падзенне з лесвіцы прывяло да таго, што апошнія паўгода Абрамаў знаходзіцца на бальнічным.

“Ніхто не хоча лішніх праблем на задніцу”

Галоўны інжынер будаўніча-мантажнага ўпраўлення №1 Мінскметрабуда Дзмітрый Шайтар спачатку распавядае Еўрарадыё, што ў яго працуе каля 300 чалавек і ён не можа ведаць іх усіх. Такога супрацоўніка, як Арцём Арцёмаў, ён згадаць не можа. Няшчаснага выпадку ў арганізацыі, па словах Шайтара, не было:

“Я не магу пракаментаваць правакацыйнае пытанне. Што значыць, вам прыйшло відэа? Хутчэй за ўсё, гэта правакацыя, такога не можа быць. Вы зразумейце, калі адбываецца няшчасны выпадак, праводзіцца расследаванне. Ніхто не хоча сядзець у турме, каб нешта хаваць”.

Праз нейкі час ён усё ж прыгадвае рабочага пра якога ідзе гаворка. Аднак запэўнівае Еўрарадыё, што той... звольніўся больш за паўгода таму!

— Чаму ў вас кожны раз розныя адказы?

— Чаму розныя адказы? Адказ заўсёды адзін і той жа. Афіцыйны адказ — гэта дакумент, а не тэлефонная размова.    

— Майстар П. і адказны за тэхніку бяспекі С. у БМУ-1 працуюць?

— Так. Такія асобы працуюць.

— Паведамляецца, што яны былі на ўчастку 5 чэрвеня ў момант здарэння

— Цалкам можа быць. Людзі працуюць.

— У мінулы раз вы сказалі, што правакацыйныя пытанні вам задаю.

— У мінулы раз вы пыталіся пра чалавека [Арцёмава. — Еўрарадыё], я потым удакладніў, які невядома колькі гадоў ужо не працуе. Запытайце, і мы вам афіцыйна адкажам.  

— Ён больш у вас не працуе?

— Чалавек з такім імем быў, але вельмі даўно. Не тое каб на працягу паўгода, а вельмі-вельмі даўно. Так мне мае байцы расказалі. А то хтосьці камусьці патэлефанаваў... Мы нічога не хаваем, усё паказваем. Ніхто не хоча лішніх праблем на задніцу. Законы ў нашай краіне і вы, і я ведаем.

Чаму ўвогуле “ўсплыло” гэтае відэа? Нехта хоча звесці рахункі з кіраўніцтвам Мінскметрабуда

На думку Алега Байчука, за ўсёй гэтай гісторыяй стаіць асабістыя крыўды былога супрацоўніка БМУ №1:

“Чаму, калі гэта адбылося ў чэрвені, дык гэтае відэа з’явілася толькі на пачатку студзеня? А я здагадваюся, хто мог даслаць гэта відэа. Справа ў тым, што ў БМУ быў чалавек, які мог гэта зрабіць. Ён справакаваў нядобрую сітуацыю, яго знялі, выклалі ў інтэрнэт відэа бойкі на будпляцоўцы. Яго ўжо звольнілі. І тое, што праз паўгода раптам з'яўляецца такое відэа, — гэта ўжо насцярожвае”.

Той жа думкі прытрымліваецца Дзмітрый Шайтар:

“Вам нехта штосьці сказаў... Самазабойцаў няма. Вы патэлефанавалі нейкаму куму — ён вам нешта сказаў. А можа, гэтага кума калісьці пакрыўдзіў дырэктар, зняў прэмію з яго? А той паднасраў яму, сказаў, што была такая сітуацыя”.

Следчы камітэт і бальніцы

У Следчым камітэце Еўрарадыё распавялі, што не маюць інфармацыі пра здарэнні на будоўлі ў той дзень і ў той час. У бальніцы гэтага раёна ніхто не звяртаўся, інакш бы ведамства ведала пра гэта:

"Інфармацыі пра траўмы пры здзяйсненні будаўнічых работ у метро ў гэтым раёне ў гэты час няма".

На запыты Еўрарадыё ў бальніцах адказваць адмовіліся, спаслаўшыся на медыцынскую тайну. Сапраўды, тайнай, якую доктар не мае права раскрываць, з’яўляецца не толькі дыягназ, але і сам факт звароту канкрэтнага чалавека па медыцынскую дапамогу.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 28.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі