На беларуска-польскай мяжы няма ніводнага аўтамабіля

Адразу пасля калядных святаў на памежным пераходзе “Варшаўскі мост” зніклі аўтамабілі. Машын няма і ў тэрмінале. Карэспандэнт “Еўрарадыё” паспрабаваў высветліць, чаму зніклі жадаючыя патрапіць праз дзяржаўную мяжу.
— Віз няма ў людзей, а ў нас няма працы, — кажа супрацоўнік страхавой кампаніі, размешчанай у невялікім шапіку недалёка ад мяжы. – Не паспелі яшчэ прыдумаць, як атрымаць шэнгенскую ці нацыянальную польскую візу.

Няма былога ажыятажу і ля чыгуначнага вакзала, дзе некалькі разоў на дзень ходзіць электрацягнік “Брэст-Тэрэспаль”. Квіток да Тэрэспаля каштуе каля 5 тысяч рублёў, таму гэты шлях за мяжу лічыцца самым танным. Але патэнцыяльныя пасажыры не спяшаюцца набываць квіткі, і цягнікі ездзяць пустымі.

Яшчэ за тыдзень да Новага года пункт пропуску “Варшаўскі мост” працаваў з поўнай загрузкай. Чаргу патрапіць у тэрмінал тут амаль заўжды чакалі больш за паўтары сотні аўтамабіляў. Тым часам значна скарацілася і чарга ля сцен генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце.

Людзі кажуць, што сабраць патрэбныя дакументы, якія б пацвярджалі мэту вандроўкі ў краіны Шэнгенскага пагаднення даволі складана, некаторыя ўжо зараз шукаюць замежных партнёраў толькі для таго, каб атрымаць выклік з Польшчы і копію працоўнай дамовы.

Аляксей Мурланаў, Еўрарадыё, Брэст

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі