На 50-годдзе Анатоля Сыса рэчыцкая міліцыя плявала семкі (ФОТА)

Аднак сябры паэта вялікай грамадою ўсё адно адзначылі ягоны юбілей на падворку роднай хаты Сыса На радзіме паэта Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна 31 кастрычніка адбылося свята ў гонар 50-годдзя паэта. На свяце, здаецца, прысутнічала ўся рэчыцкая міліцыя – здымалі на камеру, плявалі семкі.
Анатоля Сыса ўжо пяты год няма сярод нас. Аднак прыхільнікі талента паэта-пакутніка, паэта-прарока памятаюць і шануюць сябра, калегу, любімага творцу. Да юбілею выдадзена кніга выбраных вершаў Анатоля Сыса, а таксама кніга прысвячэнняў яму. На Сысовай хаце ў Гарошкаве адкрыта таксама памятная дошка. З гэтай нагоды паэт Леанід Дранько-Майсюк сказаў:

Леанід Дранько-Майсюк: Цудоўна, што сёння гэтую хату ўпрыгожыла памятная дошка – сапраўдны твор мастацтва. Анатоль заслужыў такой ўвагі!.. Я нават падумаў, што помнік на магіле, зроблены Генадзем Лойкам, разам з дошкай, якую стварыў скульптар Лук – гэтыя два творы займелі ў нашым мастацтве выяўленчым ужо сваё асобнае жыццё.



Спадар Дранько-Майсюк таксама заклікаў дзяцей і моладзь не проста чытаць беларускую паэзію, а вучыць вершы на памяць.

Леанід Дранько-Майсюк: Я ўжо пра гэта казаў і яшчэ раз хачу сказаць. Асабліва звярнуць увагу нашых дзяцей, зусім юных аматараў беларускай паэзіі. Чытайце і вучыце на памяць паэзію Сыса!

Паэт Міхась Скобла згадаў цікавую дэталю. Цяпер кожны беларус ведае, што ад сталінскіх рэпрэсіяў загінула шмат нашых пісьменнікаў. Тым не менш, упершыню пра гэта сказаў менавіта Анатоль Сыс.

Міхась Скобла:
1987 год… Менск, каля помніку Янку Купалу, мітынг на Дзяды. І ён упершыню на гэтым мітынгу перад вялікай грамадой пералічыў усіх беларускіх паэтаў, якія загінулі ад камуністычнага тэрору. Гэта быў доўгі спіс, публічна агучаны Анатолем – першы публічны мартыралог, калі былі прыгаданыя нявінна загубленыя беларускія творцы.



Міхась Скобла згадвае, што Анатоль Сыс быў рэдактарам дзвюх ягоных кніжак. Рэдактарам дапытлівым і катэгарычным.

Міхась Скобла: Вось адное слова ад Анатоля я засвоіў на ўсё жыццё. У мяне там недзе ў вершы было “дрымучы лес”. Толік кажа: “Ну “дрымучы” – гэта ж не па-беларуску! Па-беларуску будзе – пагудасты!” Я кажу, Толік, ну не падыходзіць гэтае слова, там сюжэт, Заходняя Беларусь… Не, кажа, пагудасты і ўсё!..

На імпрэзе, якая адбывалая ў двары роднай хаты Анатоля Сыса, гралі многія беларускія барды – Кастусь Герашчанка, Алесь Камоцкі, Эдуард Акулін, Вальжына Цярэшчанка. Легендарная рок-князёўна Кася Камоцкая праспявала тры песні на вершы Анатоля Сыса.

Кася Камоцкая (спявае):

Надта хочацца ў вырай,
Мая белая лебедзь…
А ці хочаце вы ў рай,
Мне так хочацца ведаць…

На падворку роднай хаты Анатоля Сыса сябры і прыхільнікі згадвалі паэта, якога ўжо пяты год няма з намі. 26 кастрычніка Анатолю Сысу споўнілася б 50 гадоў.


Магіла Анатоля Сыса на могілках у Гарошкаве


Стары крыж дагэтуль стаіць там


Міліцыянты мерзлі і плявалі семкі






Скульптар Павел Лук адкрывае мемарыяльную дошку на хаце Сыса




Імпрэза адбывалася ў двары Сысовай хаты. Выступае Анатоль Вярцінскі


Уладзімір Някляеў


Прафесійны аператар, якога ніхто з прысутных не ведаў


Уладзімір Арлоў


Славамір Адамовіч


Сямейныя здымкі ў пакоі Анатоля Сыса


Арыгінальная печ у хаце


Сястра Анатоля Сыса спадарыня Тамара паказвае ката Зайку, які вельмі любіў ляжаць на жываце паэта, калі той спаў


Хата Анатоля Сыса


Беларускія паэты пхаюць аўтобус, які заглох проста перад хатай Сыса

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі