Вы тут

МЗС: Беларусь не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы лівійскай амбасады

Амбасада Лівіі ў Беларусі пасля нападу / Еўрарадыё

Беларусь не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы замежных дыпмісій, у тым ліку амбасады Лівіі ў Мінску. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС нашай краіны Анатоль Глаз.

Прычынай інцыдэнту ў амбасадзе ён назваў унутраныя супярэчнасці паміж лівійскімі дыпламатамі. 

У МЗС Беларусі са спасылкай на праваахоўнікаў кажуць, што а 6-й гадзіне раніцы на тэрыторыю амбасады пранікла група асоб. Яны зрэзалі запорную прыладу знешняй брамы, ускрылі дзверы і выбілі шкло ў будынку дыпмісіі.

На месца здарэння прыбыла змяшаная група прадстаўнікоў МУС. Але на тэрыторыю амбасады яны не могуць уваходзіць без адпаведнага запрашэння. 

"Міністэрства замежных спраў уважліва сочыць за сітуацыяй вакол лівійскага амбасады ў Мінску. Беларускі бок у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі не можа і не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы замежных дыпмісій. У той жа час любога кшталту дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, супярэчаць Венскай канвенцыі. Да старэйшых дыпламатаў амбасады Лівіі даведзеная інфармацыя пра адказнасць за стварэнне сваімі дзеяннямі пагрозы грамадскаму парадку і бяспецы. МЗС таксама звярнуўся ў МУС з просьбай пра ўзмацненне аховы грамадскага парадку ў раёне лівійскай дыпмісіі. Заклікаем вырашаць усе спрэчныя пытанні і знаходзіць паразуменне шляхам перамоваў", — заявіў Анатоль Глаз.

Як распавядала Еўрарадыё, зранку 27 жніўня невядомыя спрабавалі штурмаваць лівійскую амбасаду ў Мінску. Каля 30 чалавек з балгаркамі пераскочылі праз плот і спрабавалі трапіць будынак. Ахова ўступіла з імі ў рукапашны бой. А супрацоўнікі суседняй амбасады Малдовы выклікалі міліцыю. 

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, два лівійскія дыпламаты не могуць вырашыць, хто з іх з'яўляецца паўнамоцным амбасадарам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.