Вы тут

"Мужчыны просяць зрабіць буклеты пра цноту для іх"

Буклет "10 прычын захаваць цнатлівасць да шлюбу" / калаж Еўрарадыё

"Раз Творца так загадаў, то чаго тут думаць?"

"Даказана, што з кожным наступным палавым партнёрам дама губляе сваё жаночае здароўе".

"Жанчына, якая лёгка дасталася, зусім не цэніцца".

Гэта фразы з беларускага буклета, у якім гаворыцца, чаму дзяўчатам трэба захоўваць цнатлівасць да шлюбу. У сацсетках пішуць, што буклет раздаюць у школах, там да яго шмат пытанняў. Ды і ў рэдакцыі Еўрарадыё яны неадкладна з'явіліся. Што Творца загадвае атэісткам? Няўжо страта жаночага здароўя пры вялікай колькасці палавых партнёраў — факт, а "жанчына, якая лёгка дасталася", і праўда "не цэніцца"?

Так выглядае гэты буклет / скрыншот Еўрарадыё

Высветлілася, што тэкст буклета апублікаваны яшчэ ў 2011 годзе — у жаночым часопісе velvet.by і на партале TUT.by. 

 

"Для мяне самой гэты буклет — вялікі сюрпрыз, — прызнаецца яго аўтар Вераніка Сярдзюк, якая сёння ўзначальвае цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства "Матуля". — Мне далі заданне напісаць што-небудзь, што збярэ шмат водгукаў. Тэкст быў амаль гумарыстычны, напісаны ў правакатыўнай форме. Калі ўжо адкрылася наша арганізацыя, мы сталі працаваць з крызіснымі сітуацыямі, з якімі сутыкаюцца маці (аборты, пасляродавая дэпрэсія, разводы...). Стварылі прытулак, развозілі тым, хто жыве ў нястачы, дзіцячае адзенне па ўсёй Беларусі і гэтак далей.

Падлеткі — не зусім наша тэма, але мы часта чулі ад медыкаў і ад саміх жанчын, што працаваць з імі перад абортамі ўжо позна. Маўляў, трэба працаваць у садках, школах і сем'ях. Для школьнікаў мы праводзілі ўрокі "Сакрэты сямейнага шчасця", заснаваныя на фальклоры (прыказкі, прымаўкі, казкі, вясельныя абрады). У нас былі розныя буклеты. Вось гэты быў выдадзены маленькім накладам, і мы не раздаём яго ўжо гадоў шэсць. Мы адмовіліся ад яго, таму што не ўсе разумеюць яго стылю. Ён нарыўны. Ён выклікае буру балючых эмоцый.

Вось што напісана ўнутры буклета / калаж Еўрарадыё

Мяне ўсё пытаюць, чаму там няма навуковых фактаў. Ён не то што не навуковы, яго стыль — стыль размовы на кухні. Не ўяўляю, адкуль ён зараз мог усплыць. Можа, ляжаў у засеках якой-небудзь школьнай бібліятэкі. Можа быць, яго захавала якая-небудзь цнотная добрая бібліятэкарка. Тое, што ён не раздаецца ў школах намі, гэта 100%. Гэта, можна сказаць, буклет выдання 2011 года. Для мяне гэта шок. Я столькі ўсяго цікавага раблю, а цікавасць выклікае недапрацаваны флаер".

Еўрарадыё: У буклеце напісана, што некаторыя багасловы лічаць, што запаведзь "плоць адзіная" дакладней за ўсё выконваецца, калі мужчына і жанчына — першыя адно ў аднаго. Там вы параўноўваеце адносіны з кавалкамі злепленага скотчу, якія амаль немагчыма раз'яднаць. Ці праводзіліся ў Беларусі даследаванні, з якіх можна зрабіць выснову, што сем'і, у якіх жанчына да шлюбу была нявінніцай, больш моцныя, чым іншыя?

Вераніка Сярдзюк: Мы ўзялі за аснову амерыканскае даследаванне Інстытута сям'і "Аб захаванасці шлюбу праз пяць гадоў пасля яго заключэння". Там гаворыцца, што сем'і, дзе жанчыны да шлюбу не мелі палавых партнёраў, у 85% выпадкаў захоўваюцца. У Беларусі такія даследаванні не праводзіліся. Тое, што даюць грамадскія арганізацыі, гэта зрэз, гэта не пагалоўнае апытанне. Пагалоўнае апытанне праводзіцца падчас пападання жанчыны ў радзільню. Ёй задаюць пытанне аб пачатку палавога жыцця, але і гэтая інфармацыя — толькі са слоў жанчын. Сабраць статыстыку па гэтым пытанні вельмі складана.

  

 

"Мужчыны — паляўнічыя" / скрыншот Еўрарадыё

Еўрарадыё: У буклеце вы звяртаецеся да жанчын. Выходзіць, жанчына да вяселля павінна берагчы цнатлівасць і тады будзе ўсё добра. А ў адваротны бок "правіла" працуе?

Вераніка Сярдзюк: Я напісала гэты буклет ад асобы старэйшай жанчыны, якая нейкі час на той момант ужо была ў шлюбе. Я звярнулася да дзяўчат, такая размова па душах. Таму няма спасылак на даследаванні. Чаму я вырашыла так зрабіць? Па-мойму, менавіта дзяўчына прымае рашэнне аб уступленні ў блізкасць. У асноўным так атрымліваецца, калі гэта не гвалт.

Жаночая і мужчынская сексуальнасць розняцца. З наступствамі ад прыняцця рашэнняў у гэтай сферы больш сутыкаецца жанчына. Сексуальная блізкасць адбываецца на яе тэрыторыі. Яна ўся задзейнічана. І яна сутыкаецца з наступствамі ў выглядзе дзяцей і ў выглядзе таго, што жанчына, асабліва дзяўчынка, больш падпадае пад рызыку заразіцца захворваннямі, якія перадаюцца палавым шляхам. 

Падлеткавы секс — тып адносін, які адбываецца пры ювінільных спарвання. Гэта адносіны ў асноўным не пра клапатлівасць, не пра доўгатэрміновасць, а нейкі спартыўны інтарэс з боку юнакоў і рашэнні нейкіх псіхалагічных праблем з боку дзяўчат.

Еўрарадыё: Вернемся да буклета. Там напісана, што цнатлівасць трэба захоўваць для свайго будучага мужа (нават яшчэ невядомага) як падарунак. "Чыста з павагі да яго". А чаму б мужчынам, "чыста з павагі" да будучых жонак, не рабіць тое ж самае?

Вераніка Сярдзюк: Можна доўга пра гэта размаўляць. Гаварыць пра гэта — значыць абмяркоўваць тое, што я рабіла і думала дзесяць гадоў таму. Цяпер у нас ёсць вялікі запыт ад Мінздароўя і ад Мінпрацы па стварэнні праграм для мужчын. Мы цяпер сутыкнуліся з вялікай праблемай бясплоддзя. Жанчына ва ўсім не вінаватая. Пытанне бясплоддзя, калі мы не гаворым пра генетыку і анамаліі, — гэта не пытанне лячэння, а пытанне змены ладу жыцця.

Еўрарадыё: І ўсё ж, я гавару пра заняцце сексам да шлюбу.

Вераніка Сярдзюк: Давайце дамовімся пра тое, што той буклет быў напісаны для дзяўчатак.

Еўрарадыё: Па-першае, там гэта не прапісана. Па-другое, ну і што? Дзяўчына павінна, а мужчына — не?

Вераніка Сярдзюк: Паняцце цнатлівасці прысутнічае, у прынцыпе, у жанчын... Ну такі сексізм атрымліваецца, так. Наогул, у Бібліі пазіцыя зразумелая: узаемная вернасць мужа і жонкі і ўзаемная цнота ў ідэале. 

Я разумею, што буклет можна разабраць і па кожным пункце напісаць, чаму гэта глупства. З царкоўных назіранняў, патрабаванне цноты ад абодвух полаў важнае, таму што і ў шлюбе людзям трэба будзе перажываць перыяды чыста фізіялагічнага ўстрымання, звязанага, напрыклад, з менструацыяй, родамі, пасляродавым перыяд, расстаннямі. Калі юнакі і дзяўчаты не трэніруюцца ў гэтым навыку ў падлеткавым перыядзе, ім будзе складана выконваць яго ў шлюбе. Царква патрабуе цноты абаіх маладых. Гэта ідэал, які многія выконваюць.

Еўрарадыё: У буклеце напісана: "дакладна даказана, што з кожным наступным партнёрам дама губляе сваё жаночае здароўе". Хто гэта даказаў, аўтар?

Вераніка Сярдзюк: Можна зрабіць запыт да галоўнага гінеколага. Так, цяпер я б так катэгарычна не сказала. Але гэта ёсць у прыродзе, гэта медыцынскія звесткі. У жанчыны пад кожнага палавога партнёра падладжваецца мікрафлора похвы, выпрацоўваюцца антыцелы. Я магу пацікавіцца і знайсці спасылкі... Цяпер я адмовілася ад катэгарычнасці, таму што варыятыўнасці ў жыцці больш. Жаночы арганізм схільны да самаачышчэння, жанчыны аднаўляюцца нават пасля захворвання на вірус папіломы.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што буклет быў выдадзены ў 2011 годзе, і цяпер прызнаяцеся, што так бы ўжо не напісалі. Моцна змяніліся за гэтыя гады?

Вераніка Сярдзюк: Меркаванне наконт таго, што цнатлівасць і ўстрыманне з'яўляецца метадам пазбягання некаторых праблем, у мяне засталося. Тое, што гэта культурная мадэль, выпрацаваная на працягу стагоддзяў, — у гэтым я таксама як культуролаг упэўненая.

Я зразумела, што трэба падаваць інфармацыю па-іншаму, гаварыць пра комплекс рэчаў, не толькі пра цнатлівасць. Зразумела, што захаванне цнатлівасці не дае 100-працэнтнай гарантыі шчасця ў шлюбе, захавання нашчадкаў, паспяховасці. На ўсё гэта ўплывае вялікі спектр працы з боку мужа і жонкі, хлопцаў і дзяўчат, сям'і, дзяржавы.

Што да сувязі тэмы з рэлігіяй, сексуальная адукацыя не можа быць у вакууме. Ці магчыма ўключыць як адзін аргумент — рэлігійны?

Еўрарадыё: У буклеце рэлігіі значна больш...

Вераніка Сярдзюк: Цяпер ён не рабочы. Давайце ўспрымаць яго як пілотны праект, які праваліўся і не пайшоў далей. Не трэба баяцца, што такія арганізацыі, як мая, прыйдуць у школу і ўсё падгоняць пад рэлігійную лінейку, таму што ў нас гэта забаронена ў дзяржаве.

Еўрарадыё: Вы не баіцеся, што школьнікі, якія вераць у Бога, успрымаюць падобныя буклеты літаральна? Не перажываеце, што пазіцыя "так сказаў Бог" прывядзе да страху заводзіць любыя адносіны? Ці трэба працягваць берагчы цнатлівасць у 30 або 40 гадоў, калі ты ўсё яшчэ не замужам? Праблем са здароўем не будзе?

Вераніка Сярдзюк: Такіх буклетаў больш няма і не будзе. Ці траўмуе людзей меркаванне Бога ў гэтым пытанні? Мы сутыкаемся з рознымі момантамі. Тэма балючая. Можна сказаць — глупства, маўляў, людзі жывуць нейкімі іншымі меркамі. Але людзей моцна ўскалыхнуў буклет. Мне на пошту прыходзяць паведамленні ад мужчын, чаму мы такія буклеты не зрабілі для іх. Ім таксама цікава даведацца штосьці пра сваю цноту.

Што да ўстрымання да 40 гадоў, тэма вельмі доўгай гутаркі. Чаму цяпер людзі ўступаюць у шлюб у сярэднім у 27 гадоў? Што рабіць, калі табе 16? Як падтрымліваць здароўе, ладзіць з самім сабой, не атрымаць гэтыя заціскі? Сем'і становяцца гасцявымі, адносіны адбываюцца на адлегласці, таму што з'явілася магчымасць працаваць на ўсіх кантынентах. Як будаваць сям'ю, калі людзі раз'ехаліся па розных краінах? А можа быць, адкінуць мараль ці рэлігійныя моманты, успрымаць секс як простае задавальненне фізіялогіі, каб людзей не мучыла сумленне? Мяне як сучаснага чалавека гэта таксама турбуе, у тым ліку як чалавека, які спрабуе намацаць той шлях, пры якім беларуская сям'я будзе больш устойлівай. Я разумею, што час мяняецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.