Вы тут

Мужчыну асудзілі на тры гады "хіміі" за SMS супрацоўніку ЦІП на Акрэсціна

Аляксандр Сячко / "Вясна"​

Суддзя Маскоўскага раёна горада Мінска Лідзія Целіца 22 студзеня вынесла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Сячко – тры гады "хіміі", паведамляе ПЦ "Вясна". Пасля абвяшчэння прысуду яго выпусцілі з-пад варты.

Сячко асудзілі па артыкулу  364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Ён адправіў камандзіру аддзялення ЦІП на Акрэсціна Яўгену Урублеўскаму SMS: "Маліся, уб...док, ты хутка падохнеш".

"Пасля прагляду відэа аб масавых збіваннях і ўсіх гэтых бясчынствах падчас жнівеньскіх падзей я быў абураны і шакаваны – і на эмоцыях напісаў паведамленне", – кажа Аляксандр Сячко.

Суд таксама абавязаў Сячко выплаціць Урублеўскаму кампенсацыю маральнай шкоды памерам у 1000 беларускіх рублёў. Мабільны тэлефон, з якога і было напісана SMS, суд вырашыў канфіскаваць.

Як кажа Сячко, Урублеўскаму пасля падзей 9-12 жніўня паступіла каля 1300 паведамленняў з рэакцыяй на інфармацыю аб катаваннях на Акрэсціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.