Моладзь: Піць піва пад забаронай — экстрэмальна. Мы доўга гэтага чакалі!

З 23 лютага пачалі дзейнічаць папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс. Адна з іх забараняе піць піва ў грамадскіх месцах. Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў прайсціся па ўлюбёных месцах моладзі.
У скверыку насупраць КДБ усяго толькі пара кампаній. Але яны адразу ж прапанавалі выпіць: “Давайце за свята!”. “Не. Дзякуй, мне нельга, я на працы”, ― адказваю ім. Да хлапцоў міліцыянеры падыходзілі тры разы, пыталіся, ці п'юць.
"І мы шчыра адказвалі, што п'ем, таму што свята. А самае актуальнае пытанне дня: “Вы, малады чалавек, у войску служылі?"
Ні разу штраф не далі, бо, як кажуць, атрымоўвалася прыйсці да кансенсусу.
"Усе людзі. Чалавек можа зразумець сітуацыю. Калі ты п'яны пад лавачкай валяешся, то, зразумела, твая дарога адна ― на Леніна, 13. Піва я пакуль афішаваць не рызыкну. А гарэлка як была, так і засталася пад забаронай. З гэтым ужо сутыкаўся".
Самы бюджэтны варыянт, каб папіць піва ў цэнтры, ― гэта кавярня Цэнтральнага ўніверсаму. Туды мы і накіраваліся шукаць тых, хто вырашыў не парушаць закон.
Людзей вельмі шмат, але прадаўшчыца піва кажа, што больш іх не стала. Еўрарадыё пацікавілася ў маладых людзей, ці ведаюць яны пра забарону.
"Таму мы тут і знаходзімся. Але мы, відаць, надоўга тут не затрымаемся і ўсё роўна пойдзем на вуліцу. Мы любім экстрэмальна папіць піва. Сёння ў нас з'явіўся шанец папіць піва пад забаронай. Мы доўга гэтага чакалі".
У парку каля Адміністрацыі прэзідэнта таксама не людна. Там мы сустрэлі патруль спецназу. Паводле іх словаў, з півам пакуль нікога не затрымалі. Вінавата ў гэтым кепскае надвор’е ― у скверы мала людзей. Моладзь у парку была, але нічога не піла. 
"Сёння пойдзем у нейкую кавярню вып'ем. Але калі цёпла, звычайна сядзім на вуліцы, а цяпер прыйдзецца па кватэрах, бо ў бар каб пайсці, трэба капеечку мець".
На думку маладых людзей, новы закон ні да чаго не прывядзе: большасць усё роўна будзе піць, як ні забараняй.
"Будуць піць па пад'ездах, смеціць там, каб суседзі вельмі "радаваліся" і думалі, што лепш бы яны пілі на вуліцы".
Згодна са звесткамі міліцыі, за 23 лютага у Мінску за распіванне піва было складзена 80 пратаколаў. Больш за ўсё у Маскоўскім (21 пратакол), Савецкім (15), Партызанскім (10) і Цэнтральным (9) раёнах горада, а найменш — у Ленінскім (2), Першамайскім (3), Заводскім, Кастрычніцкім і Фрунзенскім (па 6) і два ў метро.
За такое парушэнне цяпер пагражае штраф да 280 тысяч рублёў. Але міліцыя за гэты дзень многіх не штрафавала, пратакол складалі толькі на зусім п'яных, кажа Аляксандр Ластоўскі, прэс-сакратар мінскай міліцыі.
"Мы рабілі зніжку на свята і неінфармаванасць некаторых мінчан, таму абмяжоўваліся ў асноўным прафілактычнымі размовамі. А пратаколы складаліся толькі на тых, хто не толькі піў піва, але і знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення. Але хацелася б папярэдзіць мінчан і гасцей сталіцы, што прафілактычная праца падышла да лагічнага завяршэння. Таму ад міліцыі зніжак ніякіх больш не будзе. Яны будуць карацца рублём па ўсёй строгасці закона".
У суседніх ад нас еўрапейскіх краінах піць піва на вуліцы забаронена і штрафы за парушэнне таксама вялікія, але летам у кавярні ці бары месца знайсці прасцей, чым у Мінску да забароны. Цяпер жа гарадскім уладам прыйдзецца неяк вырашаць пытанне. Ужо гучалі прапановы стварыць "піўнухі", дзе б прадавалася таннае піва і можна было б пастаяць ды выпіць яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі