Міжнародны трыбунал у Гаазе прызнаў невінаватым Воіслава Шэшаля

Міжнародны трыбунал у Гаазе прызнаў невінаватым Воіслава Шэшаля

Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі прызнаў лідара Сербскай радыкальнай партыі Воіслава Шэшэля невінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання.

“Гэта значыць, што з сённяшняга дня ён вольны чалавек”, — цытуе Euronews словы старшага суддзі Жана-Клода Антанэці.

Былога сербскага палітыка абвінавачвалі па дзевяці пунктах, якія тычацца злачынстваў супраць чалавечнасці, парушэнняў законаў вайны ў Босніі і Герцагавіне, Харватыі і сербскім аўтаномным краі Ваяводзіна. Пракуратура патрабавала для яго 28 гадоў зняволення. Суд палічыў недастатковымі доказы, якія прадстаўляў бок абвінавачвання.

У судзе патлумачылі, што добраахвотнікі, якія далучаліся да ўзброеных сіл праз Сербскую радыкальную партыю, не падпарадкоўваліся напрамую Шэшалю. Разам з тым, прысуд не з’яўляецца канчатковым і можа быць абскарджаны.

Самога палітыка адпусцілі на свабоду яшчэ ў лістападзе 2014 года “па гуманітарных прычынах”, бо ў яго дыягнаставалі рак. На абвяшчэнні прысуду ён не прысутнічаў.

Агулам за кратамі Шэшаль правёў 11 гадоў — больш, чым хто-небудзь з абвінавачаных па гэтых справах. Падчас працэсу палітык абараняў сябе сам, заяўляючы, што суд у Гаазе носіць палітычны, а не юрыдычны характар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі