Мірны і Хьюі выйшлі ў паўфінал мужчынскага парнага разраду Уімблдона

Максім Мірны і Трэт Хьюі выйшлі ў паўфінал мужчынскага парнага разраду Уімблдонскага тэніснага турніру. Беларуска-філіпінскі дуэт перамог брытанска-канадскі тандэм Джонатана Марэя і Адзіла Шамасдзіна у трох сэтах — 6:4, 7:6 (7:5), 6:3.

Акурат у гэты дзень, 6 ліпеня, у Максіма Мірнага дзень нараджэння.

Мірны і Хьюі, перамагалі ў 1/8 фіналу бразільца Марсэла Дэмалінэра і пакістанца Айсама Курэшы. Гэты Уімблдонскі турнір ужо 20-ы ў доўгай кар’еры Мірнага. Яго лепшым вынікам быў выхад у фінал у 2003 годзе разам з індыйскім тэнісістам Махешам Бхупаці. У 1998 годзе Максім Мірны і амерыканка Серэна Уільямс выйгралі спаборніцтвы змешаных пар. У гэтай жа намінацыі на траве Уімблдона Максім Мірны і Вікторыя Азаранка сталі алімпійскімі чэмпіёнамі 2012 года.

Трэці ў сезоне турнір серыі “Вялікага шлема” завершыцца 10 ліпеня. Прызавы фонд Уімблдонскага тэніснага турніру  — 28,1 млн фунтаў стэрлінгаў, паведамляе БЕЛТА.