Вы тут

Мінздароўя Літвы купіць 4 мільёны таблетак ёду — на выпадак аварыі на БелАЭС

pixabay.com

На выпадак аварыі на Беларускай АЭС у Міністэрстве аховы здароўя Літвы плануюць закупіць каля 4 мільёнаў таблетак ёду — амаль за мільён еўра. Ужо сёлета іх павінны раздаць жыхарам памежжа і Вільні, адзначае ru.delfi.lt.

Насельніцтва Вільні ў выпадку аварыі эвакуяваць не будуць.

Міністр унутраных спраў Літвы Эймуціс Місюнас запэўнівае, што дзяржаўныя ўстановы гатовыя да магчымай аварыі на АЭС у Астраўцы.

"Усё вельмі ясна распісана, што і якія ўстановы павінны рабіць, што адны адказваюць за дэзактывацыю навакольнага асяроддзя, іншыя — за раздачу ёду, трэція — за інфармацыю", — запэўніў чыноўнік. 

Па яго словах, пры "найгоршым сцэнары", калі вецер дзьме з усходу на захад, у Літве будзе неабходна эвакуяваць каля 20 тысяч чалавек у 30-кіламетровай зоне ад АЭС. Верагоднасць такога сцэнару Місюнас назваў вельмі нізкай, бо такія метэаралагічныя ўмовы ўзнікаюць у сярэднім 16 дзён у годзе.

Беларуская АЭС у Астраўцы будуецца за 50 кіламетраў ад Вільні і менш чым за 30 кіламетраў ад літоўскай мяжы. Першы энергетычны блок рэактара плануецца запусціць сёлета ўвосень.