Мінус шэсць у цэху - гэта ўзор эканоміі

Так палічыла Салігорскае тэлебачанне. Цікава, а што б яны заспявалі, каб саміх прымусілі працаваць пры заледзянелых батарэях? Больш за месяц таму на старонцы “Бюлетэнь Онлайн” прайшоў матэрыял пра салігорскі завод жалезабетонных канструкцый. Працаўнікі прадпрыемства скардзіліся на жудасныя ўмовы працы. Апальвання ў цэхах няма. Тэмпература там - як на вуліцы. Дзверы амаль заўсёды адчыненыя - прыязджаюць машыны. Калі стукнуў мароз - абутак пакрываецца скарынкаю лёду. Працаўнікі неаднаразова скардзіліся начальству, хадзілі да кіраўніцтва шэфскай арганізацыі. У адказ чулі адно: "Выдаецца зімовая спецвопратка. Апальванне вам непатрэбнае". Хаця, як кажуць працаўнікі, са спецвопраткі атрымлівалі толькі курткі, на астатняе "грошай няма".
Зрэшты, апальвання не было не было не толькі ў цэхах. Працаўнікі скардзяцца, што ў распранальнях яно таксама найчасцей адсутнічала. Батарэі грэюць толькі ў працоўны час. Ды і тое - цеплыні ад іх мала. Пасля працы і на выходныя адключаюць. У душ пасля змены ходзяць рэдка - вада гарачая падаецца рэдка і нядоўга.
У цэхах дах працякае так, што калі ідзе дождж - вада капае на галаву, усюды лужыны. Вакол зварка. А раптам замыканне - токам жа заб'е? З такімі пытаннямі працаўнікі звярталіся да свайго кіраўніцтва. А яно ў адказ: "Страха тут прадугледжаная для абсталявання, не для вас. Не падабаецца – вось Бог, а вось парог".
- А яшчэ потым аддзел кадраў здзіўляецца, што ў нас бальнічных шмат, - гаворыць Віталь. - А як ім не быць? Працуем на скразняках. Паменшыць колькасць хваравітых вырашылі добраахвотна-прымусовай вакцынацыяй ад грыпу. Тым, хто не хацеў рабіць, галоўная кадравіца пагражала: "Без прышчэпкі не аплоцім бальнічны!" Праўда, пакуль сваю пагрозу не выканала.
І даплаты "за шкоднасць" атрымліваюць не ўсё. Да прыкладу, працуе ў пары слесар і зваршчык. Даплоцяць толькі другому, хоць фактычна зварка будзе шкодзіць абодвум.
Прыкладна ў адзін і той ж час з выхадам артыкула, працаўнікі звярнуліся да старшыні Салігорскага райвыканкама А.Рымашэўскага. Той абяцаў разабрацца.
Ці то артыкул дапамог, ці то вертыкальнік не падмануў, але праз некалькі дзён на заводзе падняўся перапалох - тэрмінова лапілі страху, прыбіралі непаладкі. Нават вароты купілі. Хоць з імі - асобная гутарка.
- Купіць то купілі, - распавядае Аляксей, зваршчык завода ЖБК. - Але і тут розуму не хапіла. Яны новыя, кшталту ралетаў. Ды толку ад іх… Ужо больш за месяц ляжаць нераспакаваныя ў цэху, усталяваць не могуць. Не ведаюць, як. Адзін з кранаў замінае. Думаецца, хутка пераедуць вароты да каго-небудзь на лецішча або ў гараж.
А вось з апальваннем у цэхах - дагэтуль праблема. Як стукнулі моцныя маразы - было 6 градусаў ніжэй за нуль. Трубы ўсе замерзлі, гарбаты ў абед не папіць, рук не памыць пасля працы - вада не цячэ.
Хоць, паводле тэмпературных нормаў, працаваць у такіх умовах проста нельга. І працаўнікоў шкада, і прадукцыя будзе нізкай якасці.
Са спецвопраткай, праўда, пытанне вырашылася. Знайшліся грошы на зімовыя боты і ватоўкі. Абутак, праўда, няякасны - развальваецца. І, як дадалі працаўнікі, калі несці да заўгаса абмяняць, рэшткавую вартасць вылічваюць з заробку.
"Шкодных даплат" слесарам дагэтуль няма. Хоць прадпрыемства прызнае, што яны таксама атрымліваюць сваю дозу зваркі. Некалькі дзён да адпачынку дадаецца менавіта пад гэтай фармулёўкай. Ды і медкамісія ў усіх аднолькавая.
Яшчэ працаўнікоў абурае тое, што падчас абеду нельга пакінуць завод. Паставяць прагул. Тое, што абедзенны перапынак - асабісты час працаўніка, для начальства не довад. Шмат хто прыязджае на сваіх машынах - завод за рысай горада. Калі, не дай Бог, машыну будуць рабаваць - не выратуеш.
Тым, хто працуе ў другую змену, пашанцавала яшчэ менш: іх "дзённыя калегі" абедаюць 40 хвілін, то ў "начных" абед – 15 хвілін. Ледзь перакусіш.
Усё не так, а прафсаюз - што ёсць, што няма…
Пасля таго артыкула і візіту да вертыкальшчыкаў на завод прыехала здымачная група мясцовага тэлеканала. Працаўнікі ўзрадаваліся: усю ганьбу і бяспраўе пакажуць па тэлевізары, скандал па краіне пайдзе, дапамогуць ім! А вось і не! Рэпарцёрка тэлеканала палічыла сітуацыю не безгаспадарлівасцю, а эканоміяй Ну і што, што мінус 6 на працоўным месцы – затое па ўказе прэзідэнта эканомяць паліва!
- Узяць бы ды ім апальванне адключыць, - абураюцца працаўнікі завода. - Ды і дзверы вынесці для лепшага эфекту. Як бы яны тады заспявалі пра эканомію! І павярнуўся ж у людзей язык!

Бюлетэнь Онлайн


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі