Вы тут

Мінскі рэстаран зачыняецца, але будзе збіраць ссабойкі дактарам "інфекцыёнкі"

Каманда рэстарана / molamola.by

Каманда мінскага рэстарана "Grillman" ва ўмовах распаўсюду каранавіруса вырашыла зачыніць рэстаран — верагодна, на два месяцы.

У гэтую паўзу супрацоўнікі рэстарана вырашылі дапамагчы дактарам, якія змагаюцца з распаўсюдам каранавіруса. "Лекары на працы, каб мы заставаліся дома, і мы можам накарміць іх хатняй смачнай ежай, каб ім было крыху лягчэй", — кажуць яны.

З 26 сакавіка каманда рэстарана пачала карміць гарачымі абедамі медперсанал Мінскай гарадской інфекцыйнай клінікі (вул. Крапоткіна, 76). Паколькі самастойна ўсе выдаткі яны пакрыць не могуць, то рэстаратары пачалі краўдфандынгавую кампанію на платформе MolaMola, каб сабраць сродкі на аднаразовы посуд і прадукты.

На запланаваныя 12 тысяч порцый для дактароў яны хочуць сабраць 12 тысяч рублёў. Камплект аднаразовага посуду па закупачных цэнах каштуе каля 1,10 рубля.

Са сваіх грошай рэстаран абяцае пералічыць на гэтую акцыю 60 тысяч рублёў. Частку прадуктаў бясплатна дадуць партнёры: сетка гіпермаркетаў "Віталюр", Пякарня Bro Bakery, Пякарня BakeZavod, ТАА "Вялес Фуд", ГМ "Пятруха" і г.д. 

За першыя суткі на ссабойкі для дактароў удалося сабраць 3000 рублёў. Пад вечар 26 сакавіка гэтая сума перавысіла 3800 рублёў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.