Вы тут

Мінская міліцыя падала ў суд на арганізатараў Дня Волі

Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

ГУУС Мінгарвыканкама падало ў суд на арганізатараў акцыі на Дзень Волі ў Мінску 25 сакавіка. Міліцыя патрабуе ад Мікалая Казлова, Вольгі Кавальковай, Юрася Губарэвіча і Ігара Барысава 7259 рублёў за ахову грамадскага парадку пры правядзенні масавага мерапрыемства.

З агульнай сумы іску 6375 рублёў ГУУС патрабуе за тое, што людзей на мерапрыемства прыйшло больш, чым 1000 чалавек, 106 рублёў 54 капейкі складаюць працэнты за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі і 777 рублёў 75 капеек — пеня, штрафныя санкцыі.

Паводле інфармацыі "Беларускага партызана", першае пасяджэнне суда па гэтым іску прызначана на 24 чэрвеня.

Тым часам арганізатары Дня Волі раней самі падалі ў суд на сталічную міліцыю за тое, што яна не забяспечыла ахову мерапрыемства. На іх думку, гэта пацвярджаецца затрыманнем Зміцера Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага невядомымі ў цывільным пры папушчальніцтве міліцыі. Дата разгляду гэтага іску невядомая. Не выключана, што абодва іскі аб'яднаюць і будуць разглядаць адначасова.