Вы тут

Мінск і Масква дамовіліся па газе і крэдытах? Усё не так проста

Дамоўленасці ёсць, але яшчэ травеньскія і не такія, якіх хацеў Мінск / калаж Еўрарадыё

Нечаканая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася 13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Седзячы ў прасторнай зале Канстанцінаўскага палаца, яны ціснулі рукі, усміхаліся на камеры і прагаварылі больш за пяць гадзін.

Па выніках сустрэчы, ужо калі Лукашэнка ляцеў назад, прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў сярод вынікаў перамоў згадаў дамоўленасці па цане на газ на 2022 год і пра крэдыты як кампенсацыю "падатковага манеўру".

Пуцін і Лукашэнка ўжо дамаўляліся пра тое, пра што зноў "дамовіліся", на сустрэчы ў Сочы / прэс-служба Крамля

У канцы траўня Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Сочы. Яны пагаварылі, паабедалі, паплаваць у моры, а на наступны дзень пакаталіся на яхце. Праз пару дзён Лукашэнка паведаміў, што цэны на газ яны абмяркоўвалі: "Маё адчуванне такое, што мы можам купляць у Расіі газ у наступным годзе не вышэй за кошт гэтага года".

І вось 13 ліпеня, Лукашэнка з Пуціным ужо ў Пецярбургу, размаўляюць больш за пяць гадзін, каб потым грамадскасці зноў паведамілі: цана на газ будзе такой самай.

З улікам таго, што яшчэ нядаўна ў Мінску марылі пра цану 100 долараў за тысячу кубаметраў, захаванне бягучага кошту не падобна да самага пажаданага варыянта. Але паніжаць кошт Маскве не хацелася б з шэрагу прычын.

— Вядома, што цяпер расійскі "Газпрам" прадае газ у Беларусі беларускаму пасярэдніку — ВА "Белпалівагаз", які потым перапрадае з нацэнкай канчатковым спажыўцам. Адзначым, што расійскі газ на мяжы каштуе для Беларусі USD128,5 за тыс. куб. м, а прадпрыемствы плацяць за яго ад USD215 да 270 за тыс. куб. м, пісала ў чэрвені ў артыкуле для "Наше Мнение" эксперт Таццяна Манёнак. — Відавочна, што "Газпрам" сам хацеў бы атрымліваць маржу пры рэалізацыі газу на ўнутраным рынку. Ці пойдуць беларускія ўлады на гэта — вялікае пытанне. Мабыць, разуменне магчымых наступстваў больш глыбокай інтэграцыі ў тым ліку і ў газавай сферы вымусіла беларускія ўлады скарэктаваць свае чаканні адносна цэн на газ налета.

"Развязкі" ў падатковым манеўры

Гэткая самая сітуацыя і ў кампенсацыі Беларусі за расійскі падатковы манеўр. Пакінем у баку пытанне пра тое, чаму раптам Масква павінна даваць Мінску грошы, якія ён губляе праз змены расійскай палітыкі.

Проста дадзім максімальна кароткую храналогію:

Снежань 2019: Лукашэнка падняў пытанне кампенсацыі страт Беларусі ад расійскага "падатковага манеўру" на сустрэчы з Пуціным. Ні пра што канкрэтнае не дамовіліся, але пазней амбасадар Сямашка кажа, што кампенсаваныя яны могуць быць у 2022 годзе.

Люты 2020: Лукашэнка некалькі разоў абмяркоўвае з Пуціным гэтае пытанне. Пуцін абяцае кампенсаваць каля 300 млн долараў за кошт таго, каб прэмію за пастаўкі нафты расійскія кампаніі атрымлівалі не ад Мінска, а ад Масквы.

Сакавік — красавік — травень — чэрвень — ліпень 2020: Мінск працягвае настойваць на кампенсацыі, Лукашэнка лае Маскву і незадаволены ў тым ліку і цэнамі на нафту.

Жнівень — верасень — кастрычнік — лістапад — снежань 2020: Пасля поствыбарнай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і атрымання падтрымкі на фоне палітычнага крызісу ў Мінску фактычна не падымаюць тэму кампенсацыі за падатковы манеўр. Пазней, у пачатку 2021-га, прэм'ер Раман Галоўчанка кажа, што Беларусь сама кампенсуе страты за кошт паглыблення перапрацоўкі нафты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.