Вы тут

Мінпрыроды назвала прычыну гібелі рыбы ў Нёмане

Аляксандр Гіраеў / БЕЛТА

Прычынай гібелі рыбы ў Нёмане магло стаць паступленне балотнай вады з павышаным утрыманнем жалеза ў спалучэнні з гарачым надвор'ем. Пра гэта заявіў начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Аляксандр Гіраеў

Як распавядала Еўрарадыё, масавы замор рыбы быў зафіксаваны 12 чэрвеня ў Нёмане каля Гродна. Гэтая акалічнасць прывяла нават да таго, што Літва звярнулася да афіцыйнага Мінска з дыпламатычнай нотай, жадаючы даведацца аб прычынах экалагічнай катастрофы.

Па словах прадстаўніка Мінпрыроды Мікалая Свідзінскага, у той жа дзень спецыялісты абследавалі тэрыторыі вакол патэнцыйна небяспечных аб'ектаў — свінагадоўчых комплексаў, цукровага завода, сельгаспрадпрыемстваў ды іншых буйных прадпрыемстваў. Праверка не паказала крыніцаў забруджвання. Паўторныя праверкі прайшлі 15 і 16 чэрвеня. 

"Таксама 12 чэрвеня ўзятыя пробы вады па 8 кропках вышэй і ніжэй месцаў гібелі рыбы, дадатковыя пробы браліся 15-16 чэрвеня. Першасны і паўторны аналізы паказалі значнае зніжэнне растворанага кіслароду ў вадзе", — перадае БЕЛТА словы Свідзінскага.

Экспертыза паказала адсутнасць перавышэння мыш'яку, іртуці і свінцу ў даследаваных узорах рыбы. Таму эксперты Мінпрыроды адкінулі версіі пра хімічнае забруджванне вады ў выніку наўмысных дзеянняў, а таксама пра забруджванне ад прамысловых прадпрыемстваў.

Аднак даследаванні паказалі, што канцэнтрацыя жалеза, растворанага ў вадзе, перавышае норму ў 3,5 раза. Таксама балоы адзначана паніжанае ўтрыманне кіслароду. Крыніцай, па словах Гіраева, магла быць альбо гарбарная вытворчасць, альбо балотныя воды. Абследаванне паказала, што верагоднай прычынай хутчэй за ўсё стала балотная вада, якая трапіла ў Нёман. "Балотныя воды мала таго, што бедныя кіслародам, яны яшчэ багатыя жалезам і гумінавымі рэчывамі, якія "цягнуць" на сябе кісларод, ідзе акісленне", — патлумачыў спецыяліст. Ён дадаў, што жабы, бабры і птушкі не пацярпелі. 

Між тым, у сацсетках разам з дохлай рыбай з'яўлялася відэа мёртвага бабра.

Паведамляецца, што цяпер навукоўцы распрацоўваюць падыходы, каб у будучыні пазбегнуць трапляння балотнай вады ў Нёман і выпадкаў гібелі рыбы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.