Мінпрыроды: Брэсцкі АКБ мае толькі адмоўнае заключэнне экспертызы

Мінпрыроды: Брэсцкі АКБ мае толькі адмоўнае заключэнне экспертызы

Мінпрыроды не давала кампаніі "АйПаўэр", якая будуе акумулятарны завод у Брэсце, станоўчага заключэнне экалагічнай экспертызы. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы прыроды Андрэй Хмель, адказваючы падчас наўпроставай лініі на пытанні актывіста Дзмітрыя Бекалюка, які выступае супраць увядзення АКБ у эксплуатацыю.

Такім чынам чыноўнік фактычна абвяргае інфармацыю "АйПаўэр", прадстаўнікі якой заяўляюць, нібыта завод мае дзеючае станоўчае заключэнне, выдадзенае ў лютым. Раней у ліпені кампанія не прайшла трэцюю запар экалагічную экспертызу.

"Не можа быць некалькіх заключэнняў экалагічнай экспертызы. Першае, другое, трэцяе — гэта парадак іх атрымання. Трэцяе заключэнне з'яўляецца асноватворным. На сёння яны не маюць станоўчага заключэння", — сказаў Андрэй Хмель.

Паводле інфармацыі прадстаўніка Мінпрыроды, прычынай стала падача непраўдзівых звестак.

"АйПаўэр" у сваю чаргу раней заявіў, што адмоўнае заключэнне экалагічнай экспертызы было атрыманае, бо заказчык праекта не цалкам падаў вынікі вымярэнняў (пратаколаў) выкідаў забруджвальных рэчываў. Кампанія таксама заяўляла, што пасля атрымання поўных вынікаў прадпрыемства вернецца ў працэс атрымання станоўчага экалагічнага заключэння.

Аднак у Мінпрыроды ўдакладняюць, што пры правядзенні такой экспертызы пратаколы не маюць значэння і дзеля станоўчага рашэння прадпрыемству давядзецца перапрацаваць свой праект і змяніць тэхналогію, піша "Брестская газета".

Амаль паўтара года ў Брэсце адбываюцца пратэсты супраць будаўніцтва ля горада акумулятарнага завода. Актывісты і неабыякавыя грамадзяне перакананыя, што з'яўленне такога прадпрыемства істотна пагоршыць экалагічную сітуацыю.

У чэрвені Брэсцкі аблвыканкам пастанавіў прыпыніць будаўніцтва да выпраўлення выяўленых парушэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі