Міністр аховы навакольнага асяроддзя Літвы: Вы будуеце АЭС — мы "капаем акопы"

Міністр аховы навакольнага асяроддзя Літвы: Вы будуеце АЭС — мы "капаем акопы"

Першая і асноўная прэтэнзія Літвы да будаўніцтва Беларускай АЭС — непразрысты выбар пляцоўкі. Пра гэта міністр аховы навакольнага асяроддзя Кястуціс Навіцкас распавёў у інтэрв'ю парталу tut.by

"Гэта не задавальняе не толькі Літву, але і Еўрасаюз, і Камітэт канвенцыі Эспа. Ён ужо ў сваім рашэнні сказаў, што крытэрыі выбару пляцоўкі няясныя. Будаўніцтва афіцыйна пачалося ў 2013 годзе, а я быў на пляцоўцы асабіста ў 2009-м, там ужо ўсё было: дарогі, бетонамяшалкі, будавалі чыгунку. Пра што мы тады гаворым? Выбар пляцоўкі — такая ж важная частка праекта, як і яго тэхналогія", — падкрэслівае прадстаўнік Літвы. Па яго словах, з гэтага пачынаюцца ўсе астатнія прэтэнзіі афіцыйнай Вільні да БелАЭС. 

Навіцкас заяўляе, што ацаніць выбар пляцоўкі мусіць міжнародная незалежная група экспертаў. Беларусь жа, па яго словах, у сваіх дакументах інфармавала толькі пра характарыстыкі адной з чатырох разгрляданых пляцовак — Астравецкай. 

Журналісты нагадалі, што яшчэ ў 2011 годзе эксперты МАГАТЭ пахвалілі афіцыйны Мінск за намаганні па выбары пляцоўкі і ўхвалілі яе. У адказ на гэта літоўскі міністр паведаміў, што ёсць дакладна апісаныя працэдуры, як мусяць адбывацца такія місіі. "Калі прыязджае адзін эксперт, усё роўна з якой арганізацыі, і проста паходзіць па пляцоўцы, гэтыя высновы не адпавядаюць працэдурам. Я бачыў, калі прыязджалі і еўрапарламентарыі, глядзелі на пляцоўку, і вашыя СМІ рабілі выгляд, што ўсё добра", — іранізуе Навіцкас.

Дырэктар дэпартамента па прадухіленні забруджванняў пры міністэрстве аховы навакольнага асяроддзя Віталіюс Аўгліс дадае: "Беларусь папрасіла місію МАГАТЭ ацаніць толькі тэхнічныя дэталі праекта, але не пляцоўку, фактары пры яе падборы, ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Чатыры модулі ліквідавалі, пакінулі толькі ацэнкі таго, як станцыя можа вытрымаць залеву, ураган і г.д."

Навіцкас заяўляе, што нельга параўноўваць Беларускую АЭС з тымі станцыямі, якія "Расатам" будуе ў Венгрыі і Фінляндыі: "Там яны прытрымліваюцца высокіх еўрапейскіх стандартаў: ад падборкі месца да тэхналогій, — таму што ў Еўрасаюзе ніхто ўжо не жартуе пра ядзерную бяспеку. Гэта не смешна".

Пры гэтым чыноўнік не бачыць, як можна выйсці з таго тупіка, у які зайшлі перамовы між Беларуссю і Літвой наконт будаўніцтва АЭС пад Астраўцом. "Сітуацыя ў Літве такая: вы будуеце, а мы "капаем акопы". Абараняемся. Вы выкарыстоўваеце ўсе легальныя інструменты, і мы робім тое ж самае", — патлумачыў Навіцкас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі