Мінімальны тэрмін адпачынку для беларуса будзе складаць 21 дзень

На гэтым тыдні і дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ гаварылі пра адпачынак. Усяго два тыдні засталося да канца лета. Але гэта зусім не азначае, што тэма адпачынку стане неактуальнай — адпачываць актуальна заўсёды, тым больш, што наперадзе бархатны сезон.
Журналіст Дзмітры Кірухін піша ў спецыяльным выпуску «Белгазеты» Sexus:

«Кожнаму беларусу абсалютна зразумела, для чаго ён працуе 250 дзён у год. Усе гэтыя працоўныя патугі вядуць да таго, каб, адкладваючы на працягу 11 месяцаў грошы, атрымаць нарэшце адпускныя і падбіць баланс.

Калі год прайшоў паспяхова, можа хапіць на паездку ў Турцыю альбо Крым. Тых, у каго год праходзіць з меншым фінансавым поспехам чакае Заслаўскае вадасховішча».

Дзмітры Кірухін не згадвае яшчэ адзін варыянт – не паехаць нікуды, а забраць грашовую кампенсацыю за адпачынак і працягваць працаваць.

Відаць, шмат беларусаў аддавалі перавагу менавіта гэтаму варыянту і «забіралі адпачынак» грашыма. Але дзяржава вырашыла паклапаціцца пра сваіх грамадзян. Паводле новага Працоўнага кодэксу, для таго каб забраць кампенсацыю за адпачынак, спярша трэба адпачыць хаця б 21 дзень. Астатняе ж можна ўзяць грашыма.

«Комсомольская правда в Беларуси» нагадвае пра ўнясенне зменаў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Ірына Калініна ў артыкуле «Беларусаў прымусяць больш адпачываць» піша: «21 дзень давядзецца сумленна адпачываць”.

“Народная воля” вырашыла пацiкавiцца ў вядомых грамадскiх i палiтычных дзеячаў, цi здаралiся ў iх курортныя раманы. З адказаў бачна, што і публічныя беларусы не з’яўляюцца не тое, што аматарамі курортных раманаў, а нават — проста адпачынку.

Аляксей ЯНУКЕВIЧ, намеснiк старшынi Партыi БНФ:

— Па шчырасцi, я i на курорце быў толькi адзiн раз — гады тры таму. У мяне бывалi нядоўгiя раманы на семiнарах, канферэнцыях.

Павел ЛЁГКI, кiраўнiк прэс-службы А.Лукашэнкi:

— Я б з задавальненнем распавёў Вам пра свой адпачынак, але Вы такога адпачынку не захочаце. Працую цяпер з усёй моцы на лецiшчы. Упершыню за тры гады нарэшце адпрасiўся на тыдзень у адпачынак...

У гэтым сэнсе шараговыя беларусы ад вядомых дзеячоў мала чым адрозніваюцца.

- Я не адпачывала на працягу трох гадоў - 2004, 2005 і 2006. За які перыяд можна атрымаць кампенсацыю за адпачынак? – пытанні такога кшталту задавалі людзі падчас “прамой лініі” з юрыстам, якую арганізавала «Комсомольская правда в Беларуси».

Пра недасведчанных у пытаннях адпачынку беларусаў паклапаціліся і дзяржаўныя СМІ.

У той час як «Комсомолка» прасвятляе ў юрыдычных пытаннях, “Советская Белоруссия”, “Вечерний Минск” і “Звязда” даюць практычныя парады. Расказваюць, як правільна загараць, каб сонечныя ванны не прыносілі шкоды. Папярэджваюць, што ў тэхнічных вадаёмах купацца нельга, што валасы трэба хаваць пад панаму ды друкуюць шмат яшчэ якіх карысных рэчаў.

Засталося абкласціся газетамі і наганяць прапушчанае. І хутчэй — у адпачынак, пакуль лета яшчэ не скончылася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі