Вы тут

Мінэнерга не каментуе разлікі Бабіча наконт кошту энергіі з БелАЭС

Reuters

У Міністэрстве энергетыкі адмовіліся каментаваць інфармацыю пра тое, што сабекошт электраэнергіі, якая будзе вырабляцца на Беларускай АЭС, складзе 4 цэнты за кілават, агучаную па выніках сустрэчы эканаміста Яраслава Раманчука з паслом Расіі Міхаілам Бабічам.

"Я ніяк не магу пракаментаваць гэтую інфармацыю [пра 4 цэнты за кілават. — Еўрарадыё]. Магчыма, найбліжэйшым часам будуць агучаныя нейкія новыя лічбы, але пакуль што нічога сказаць не магу", — сказала Еўрарадыё прэс-сакратар Мінэнерга Жанна Зянькевіч.

Афіцыйная прадстаўніца міністэрства нагадала, што цяпер сабекошт электраэнергіі ў Беларусі складае 7 цэнтаў за кілават.

Пра разліковы сабекошт электраэнергіі з БелАЭС стала вядома ад Яраслава Раманчука, які сустрэўся з Міхаілам Бабічам 25 сакавіка. Па словах эканаміста, расійскі пасол назваў яму лічбу ў 4 цэнты. На падставе якіх разлікаў атрымалася гэтая лічба, Бабіч не ўдакладніў.

Беларуская АЭС будуецца за кошт расійскага крэдыту. Агучаную лічбу Бабіч мог узяць з тэхнічна-эканамічнага абгрунтавання, якое прыкладалася да крэдытнай дамовы. Аднак у ТЭА не ўлічваецца мноства дадатковых выдаткаў, якія спатрэбяцца Беларусі для выкарыстання электраэнергіі, выпрацаванай на БелАЭС.

Эканаміст Леанід Фрыдкін пералічвае такія выдаткі: стварэнне дадатковых абслугоўвальных аб'ектаў, новых энергакрыніц для забеспячэння рэзервовых магутнасцяў, будаўніцтва ЛЭП для злучэння АЭС з энергасістэмай краіны, паліва для працы АЭС, складаванне і захоўванне адпрацаванага ядзернага паліва і радыеактыўных адходаў (будаўніцтва склада і могільніка), мадэрнізацыя энергетыкі з дроваў і газу на атамную энергію. Не менш за 1 млрд даляраў спатрэбіцца на адключэнне АЭС.