Мінчукоў з Новым годам павіншаваў Дзед Падатак (фота)

Мінчукоў з Новым годам павіншаваў Дзед Падатак (фота)

28 снежня каля Камароўскага рынку ў Мінску прайшла акцыя іранічнага віншавання жыхароў сталіцы. Мінчукоў з Новым годам павіншаваў Дзед Падатак — мужчына ў касцюме чыноўніка, піша сайт pramen.io.

Ён раздаваў мінакам улёткі, у якіх нагадваў пра самыя спрэчныя рашэнні ўладаў — падатак на беспрацоўных, пошліны на пасылкі з-за мяжы, павелічэнне ПДВ і пенсійнага ўзросту. "Усё гэта дазволіла "народным абраннікам" годна перажыць крызісныя часы, будуючы новыя катэджы ў Драздах, купляючы новыя машыны і адпачываючы за мяжой", — падсумоўваецца ва ўлётцы.

Таксама Дзед Падатак адзначыў, што ў 2017 годзе беларусаў чакаюць іншыя "сюрпрызы": вырастуць цэны на ЖКГ, усе паслугі электрасувязі будуць абкладацца падаткам у 25%, ужо набыў моц новы падатак для вытворцаў і імпарцёраў флешек, дыскаў, смартфонаў і кампутараў, у Мінску на 12% падвысілі адзіны падатак і на 11% — падаходны на здачу жылля ў арэнду.

"Паважаныя беларусы! Заставайцеся такімі ж паінькам, каб усё задуманае ўладамі ў 2017 годзе ажыццявілася. Не думайце аб пратэстах і супраціве — і ўлады пацешаць Вас новымі падаткамі, штрафамі, абмежаваннямі ды іншымі мерамі эканоміі", — падсумоўваецца ва ўлётцы.

Паведамляецца, што было раздадзена каля 100 улётак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі