Мінчукі сталі роварнымі злодзеямі паводле аб'явы ў інтэрнэце
У Першамайскім раёне Мінска аператыўнікі затрымалі двух 23-гадовых хлопцаў, якіх падазраюць у серыі крадзяжоў ровараў. Крадзяжы адбываліся з пад'ездаў дома №5 па вуліцы Пятра Мсціслаўца.
Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, адзін з прыяцеляў у кастрычніку шукаў у інтэрнэце спосабы дадатковага заробку і сустрэў абвестку, якая прапаноўвала спосабы лёгкага заробку. "Працадаўца" прапаноўваў красці ровары з пад'ездаў дамоў.
Хлопцы дасылалі фота пад'ездных дамафонаў, а "працадаўца" ў адказ ім — варыянты камбінацый для ўскрывання дамафона. За гэта ён браў ад роварных злодзеяў палову ад сумы пасля продажу скрадзенага ровара.
Продаж ровараў вёўся праз інтэрнэт. Злодзеі паспелі такім чынам прадаць адзін ровар, а другі абмянялі на камплектуючыя для камп'ютара. Яшчэ тры ровары праваахоўнікі выявілі ў кватэры па месцы жыхарства зламыснікаў.
Маладыя людзі цалкам прызнаюць сваю віну і раскайваюцца. Ім пагражае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, або штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.