Мінчук скраў 7 млн у студэнткі, а потым змяніў жытло і нават прозвішча
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС сталіцы затрымалі мужчыну, якога шукалі за скрадзеныя 7 мільёнаў рублёў. Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, грошы ён скраў у 20-гадовай студэнткі, якая здымала пакой у яго знаёмай на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча.
Мужчына часта заходзіў да сваёй знаёмай і меў ключ ад жытла. Абакрадзеная дзяўчына звярнулася ў міліцыю, і праваахоўнікі высветлілі, што ў дзень злачынства мужчына наведваў кватэру, а потым знік. Пазней ён даслаў сваёй сяброўцы, гаспадыні кватэры, SMS з прызнаннем, што скраў грошы. Мужчына прасіў дараваць яму.
Праваахоўнікі пачалі шукаць зламысніка. Але ён змяніў нумар тэлефона і месца жыхарства. Ён здымаў розныя кватэры і некалькі разоў выязджаў за межы Беларусі. Урэшце ён ажаніўся і ўзяў прозвішча жонкі.
Аднак праваахоўнікі ўсё ж вылічылі падазраванага і затрымалі яго. Тады высветлілася, што ўсе скрадзеныя грошы ён прайграў у казіно. Дарэчы, 39-гадовы мужчына ўжо раней судзімы за крадзеж і махлярства.
Фота: pg21.ru