Мінчук пагражаў знаёмым расправай, калі не занясуць выбухоўку ў метро

Мінчук пагражаў знаёмым расправай, калі не занясуць выбухоўку ў метро

Маладога чалавека, які рассылаў фальшывыя паведамленні пра небяспеку, затрымалі ў Мінску, паведамляе прэс-служба МУС.

Мінчук атрымаў у адным з месенджараў паведамленне з невядомага нумара на арабскай і англійскай мовах. У ім гаварылася, што атрымальнік павінен узяць пакет з самаробным выбуховым прыстасаваннем у пэўным месцы і занесці яго на адну са станцый метро. Пры адмове аўтар паведамлення пагражаў расправай сваякам і блізкім адрасата. Пры паспяховым выкананні "задання" ён абяцаў узнагароджанне ў 15 тысяч долараў.

Мінчук паведаміў пра пагрозы ў міліцыю. Праваахоўнікі пачалі шукаць аўтара паслання і адначасова ўзмацнілі меры бяспекі на ўсіх станцыях метрапалітэна. За месцам, дзе "тэрарыст" нібыта збіраўся пакінуць выбуховае прыстасаванне, наладзілі кругласутачнае назіранне.

Неўзабаве выявілася, што аўтарам паслання быў знаёмы мінчука — 21-гадовы раней не судзімы жыхар сталіцы. Юнак працуе інжынерам-праграмістам на адным з прыватных унітарных прадпрыемстваў. Прычыны яго ўчынку высвятляюцца. Вядома, што дакладна такія ж паведамленні ён адправіў яшчэ тром сваім знаёмым.

Нагадаем, што ў аўторак, 20 жніўня, фальшывыя паведамленні пра мініраванне атрымалі шэраг гатэляў, бізнес-цэнтраў, буйных гандлёвых цэнтраў у Мінску, а таксама чыгуначныя вакзалы ў розных гарадах Беларусі.

За заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы ў Беларусі прадугледжана да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі