Вы тут

Мінчан “Молчат дома” ў Еўропе лічаць геніямі, а яны проста іграюць музыку з 80-х

"Молчат дома" / Еўрарадыё

Мінскае нью-ўэйв-трыа “Молчат дома” паспяхова калясіць па Еўропе і збірае аншлагі ў клубах Берліна, Хельсінкі і Тулузы. Пасля шоўкейс-фестывалю ў Таліне брытанская прэса назвала каманду гуртом сусветнага ўзроўню. Пры гэтым "Молчат дома" амаль невядомыя ў Беларусі! Чаму так? Еўрарадыё распытала пра гэта ўдзельнікаў гурта — Паўла Казлова, Ягора Шкутко і Рамана Камагорцава.
 

Шоўкейсы працуюць

— Як вы думаеце, чаму ваша музыка "пакаціла" не дома — у Беларусі, а там, на Захадзе?

Ягор Шкутко: Мы ў адзін момант рэзка сталі папулярнымі ў Еўропе. Да гэтага часу не ведаем, якія фактары маглі на гэта паўплываць. Мы набралі больш за мільён праглядаў на "Ютубе", пра нас напісалі на буйным сайце post-punk.com, дзе мы ўвайшлі ў топ альбомаў года яшчэ ў 2018-м. А ў 2019-м вось усё пайшло і паехала. Ну і, безумоўна, шоўкейсы, на якіх мы выступалі, — Tallinn Music Week і Iskra Showcase, дзякуючы ім мы трапілі на іншыя фестывалі.

— Гэта значыць, шоўкейсы ўсё-ткі працуюць? Гэта не проста так?

Ягор Шкутко: Так, безумоўна. Яны працуюць. І нават можна даць параду іншым гуртам: падавайцеся, не бойцеся, гэта добрая справа.

Мама хацела, каб я стаў інжынерам

— Як вашы бацькі паставіліся да таго, што два гады таму вы пачалі сур'ёзна займацца музыкай? І што кажуць цяпер, калі бачаць спіс гарадоў вашых еўрапейскіх тураў?

Ягор Шкутко: Мяне спачатку наогул не ўхвалялі, таму што гэта перашкаджала асноўнаму віду дзейнасці: я працаваў спецыялістам па продажах, займаўся радыёэлектроннымі кампанентамі. Па адукацыі я наогул электрык. Так што натуральна, што ў гэтым бачылі не больш чым хобі. Але потым, калі ўжо і тур, і ўсё іншае — сталі ставіцца лаяльна. Цяпер гэта ўжо асноўны від дзейнасці, заробку і іншага. Таму ніхто нічога не кажа.

Павел Казлоў: У прынцыпе, гэта дастаткова балючая тэма. Бацькі, выхаваныя савецкай загартоўкай, успрымаюць свет так, што абавязкова павінна быць асноўная і стабільная праца, сям'я і далей, акрамя ўсяго гэтага, можаш займацца чым хочаш. А тое, што музыкай можна займацца прафесійна, жыць і зарабляць гэтым, — вельмі складана ім даказаць. Я спрабаваў гэта данесці сваёй маме пасля першага тура. Зараз адчуваю, што ўсё адно яна не вельмі ўхвальна да гэтага ставіцца. Стабільную працу бы, сям'ю-дзяцей і вось гэта тады вось усё.

Раман Камагорцаў: А ў мяне, у прынцыпе, сітуацыя памянялася ў лепшы бок. Таму што першапачаткова мая мама хацела, каб я стаў інжынерам. Я вучыўся ва ўніверсітэце на інжынера-будаўніка. Але ў нейкі момант нешта пайшло не так, і я вылецеў з універа. У гэты момант з музыкай пайшло ўсё ўгару. І мама ўжо глядзела і разумела, што нешта казаць і спрабаваць ўплываць — гэта бескарысна, маўляў, я зрабіў сам свой выбар, і няхай усё ідзе ў гэтым рэчышчы. І цяпер, я спадзяюся, яна ганарыцца мной.

Проста слухалі і слухаем музыку 80-х

— Гэта значыць, вы іграеце пост-панк без музычнай адукацыі? Можа, так яшчэ лепш, чым з ёй, — як вы самі лічыце?

Раман Камагорцаў: Цалкам магчыма. Гэта вельмі простая музыка, але нейкія музычныя асновы павінны прысутнічаць.

Павел Казлоў: Не атрымаецца так проста, што вось пасядзеў, паслухаў і падумаў, што хочаш іграць пост-панк. Потым пайшоў купіў гітару ці бас і адразу пачаў іграць, а да гэтага не меў ніякага дачынення да музыкі. Я вучыўся ў музычнай школе на розных інструментах прыкладна сем з паловай гадоў. Але так і не скончыў яе. Натуральна, я не мог адмовіцца ад музыкі. З трэцяга класа хварэў на музыку, усё чакаў, калі ж нешта будзе. А калі нешта такое прыйшло цікавае — не магу паверыць у гэта дагэтуль і ўсвядоміць, што тое, чаго я хацеў, ужо тут.

— Чаму вас прыцягнула менавіта эстэтыка 80-х, нью-ўэйв, пост-панк? Вы ж не адтуль, не з тых часоў.

Ягор Шкутко: Мы проста слухалі і слухаем музыку 80-х, натхняемся ёй і робім тое, што нам падабаецца.

— А як вы зразумелі, што вы — тое самае трыа, якое можа парваць Еўропу?

Павел Казлоў: Не было такога. (Смяюцца.) Не было такога, што мы сабраліся, паўгода пайгралі і вырашылі, што ўсё, мы парвём Еўропу. І калі прыйшла гэтая папулярнасць, прагляды на тым жа "Ютубе" — усё роўна ў нас не было такога.

— Ну а наогул вы маглі сабе ўявіць, што вашу музыку палюбяць не тут, а там?

Ягор Шкутко: У нас не было ніякіх канкрэтных мэт.

Павел Казлоў: Ды і ў цэлым не было ніякіх думак пра тое, што нашу музыку палюбяць. Мы проста першапачаткова рабілі тое, што нам падабаецца.

Ягор Шкутко: Не было ніякіх мэт у плане таго, што вось, у нас ёсць музыка і гэтай музыкай мы павінны ўсіх ірваць, ездзіць па Еўропе, збіраць канцэрты. Мы проста рабілі і робім тое, што нам падабаецца. І ўсё ідзе па накатанай.

— Добра, але цяпер жа вы ўжо мэты ставіце?

Ягор Шкутко: Натуральна так, бо гэта ўжо наш асноўны від дзейнасці. Мэты мы ставім толькі на нейкія канцэрты, мерапрыемствы. І зноў жа, гэта ўсё роўна атрымліваецца па накатанай. Каб вось проста забівацца, кудысьці імкнуцца — пакуль такога няма.

“Come to Mexica”

— Слухайце, ну вось пра праслухоўванні і прагляды — ці ёсць нейкая статыстыка аб тым, хто ўсе гэтыя людзі? Хто ўваходзіць у гэты мільён?

Ягор Шкутко: З усіх праслухоўванняў, скажам так, каля 30% — гэта чамусьці Мексіка. Нас таксама слухаюць у ЗША і астатніх краінах. Паняцця не маю, чаму Мексіка і як яны ўвогуле пра нас даведаліся. Больш за ўсё каментарыяў пішуць мексіканцы, і гэта пацешна і цікава.

Раман Камагорцаў: Вось мы, напрыклад, выкладваем фатаграфіі з якога-небудзь канцэрта, умоўна ў Санкт-Пецярбургу, і ў каментарыях адразу "Come to Mexica". І такіх каментарыяў з дзясятак.

— Я так разумею, што наступны тур гурта "Молчат Дома", цалкам магчыма, закране Амерыку?

Павел Казлоў: Вельмі хацелася б. Мы актыўна працуем у гэтым кірунку.

Ягор Шкутко: Перамовы актыўна ўжо вядуцца. На Паўднёвую Амерыку і на Штаты.

— Ваш дырэктар Дзмітрый Хламаў расказваў, што вам прыходзяць лісты. Што гэта за лісты? Маўляў, класны ў вас гурт? Ці гэта нейкія прапановы?

Ягор Шкутко: Гэта запрашэнні канкрэтна ад арганізатараў, а не ад фанатаў. Арганізатары пішуць, прапануюць дапамогу ў арганізацыі канцэрта ў іх у краіне, у горадзе. І так, іх вельмі шмат і з усяго свету. І менавіта дзякуючы гэтаму мы ў большай ступені і пабудавалі наш вялікі еўрапейскі тур. Але цяжка, вядома, з усімі дамовіцца і весці перамовы. І самае што цяжкае — гэта межы, візы і іншае. Асабліва ў Амерыку куды-небудзь. А гэтым усім жа таксама трэба займацца.

 

Усе хочуць патусавацца, а ты хочаш спаць

— Здаецца, у вас стрэс. І ён нейкі беларускі — ніяк вонкава не выяўляецца...

Ягор Шкутко: Калі ў туры больш за 30 гарадоў, ёсць моманты, звязаныя з пераездамі проста ўпрытык. І трэба ж не згубіць рэчы. І не згубіцца самім. (Смяюцца.)

— Затое ёсць магчымасць пазнаёміцца ​​з Еўропай...

Ягор Шкутко: Знаёмства — гэта калі ў цябе ёсць які-небудзь дзень, каб проста прагуляцца. А мы прыляцелі, сыгралі, паляцелі.

Павел Казлоў: Была першапачаткова думка, што гэта будзе крута — падарожнічаць, столькі гарадоў усё ж такі можна паглядзець. А па выніку, калі ў цябе дзень за днём канцэрты, ты, стомлены ад гэтых пераездаў, да ночы іграеш, а ўсе хочуць з табой патусавацца... А ты проста хочаш спаць... У нейкі момант проста не да горада становіцца.

Ягор Шкутко: Мне падабаецца, як блізкія кажуць, маўляў, вось тур, едзеш адпачываць. Гэта ўвогуле не адпачынак. Увогуле ніяк.

Павел Казлоў: Дарэчы, як аказалася, занятак музыкай — гэта не тусоўка, гэта праца. І толькі ў туры пачынаеш усведамляць, наколькі гэта цяжкая праца.

Упісвацца ў мэйнстрым не збіраемся

— Як вы думаеце, вось у гэтай стылістыцы вы і далей будзеце працаваць? Ці можаце сабе ўявіць, што праз гады чатыры-пяць зробіце нешта больш актуальнае?

Раман Камагорцаў: Першапачаткова наша ідэя была ў тым, каб рабіць усё ў тым гуку і ў тым жанры, якія мы самі слухалі. Галоўным арыенцірам быў гурт "Кино" і, адпаведна, на гук гурта "Кино" мы і арыентаваліся. І вось гэтыя вось прыгукі касетнага запісу або вінілавых пласцінак — гэта была наша фішка, якую мы хацелі прасоўваць.

— І менавіта таму першы альбом на касеце выйшаў?

Павел Казлоў: Так. Але зноў жа, мы нікуды не імкнёмся, робім тое, што нам падабаецца. Калі нам яшчэ штосьці спадабаецца, то мы будзем рабіць нешта яшчэ. Пакуль гэта нашы густавыя перавагі.

Раман Камагорцаў: Ні ў які там мэйнстрым, маўляў, зараз модна так і так, мы не ўпісваемся. Мы робім так, як хочам.

Ягор Шкутко: І што будзе далей — мы самі таксама не ведаем.

— Як ваш нямецкі лэйбл рэагуе на тое, што ў вас такі скачок угору?

Раман Камагорцаў: У шоку.

Ягор Шкутко: У нейкай ступені працуе толькі на нас. І таксама чакае новых рэлізаў.

Наш горад — гэта наш натхняльнік

— Як вы лічыце, што зараз адбываецца з беларускай музыкай?

Ягор Шкутко: Яна ёсць. Яна жыве, яна ў нейкай ступені нават квітнее.

— І ў якой?

Ягор Шкутко: Не толькі мы адны такія, хто ездзіць па Еўропе. Ёсць і іншыя гурты, якія даюць канцэрты ў еўрапейскіх краінах. І не толькі ў еўрапейскіх. Іх становіцца больш, і гэта выдатна.

Раман Камагорцаў: Проста ім варта быць крыху больш актыўнымі.

Павел Казлоў: Раней, калі квітнела інструментальная музыка, у часы рок-н-рола, індзі, усе чамусьці лічылі, што, каб кудысьці прабіцца, трэба спяваць на англійскай, трэба проста нешта рабіць і цябе дакладна заўважаць. Але гэта так не працуе. Абсалютна. І не важна, на якой усё мове. Калі ты іграеш маленькія канцэрты, на якія сам жа прадаеш білеты, каб адбіць арэнду клуба, то нічога і не адбудзецца. Проста трэба трохі актыўнасці.

Раман Камагорцаў: Шмат дастаткова добрай беларускай музыкі. Вельмі. Прычым большасць знаходзіцца ў такім андэрграўндзе, што вельмі хацелася б, каб гэтыя гурты неяк усплылі наверх і далі аб сабе знаць. Але яны не даюць аб сабе знаць. І гэта вельмі дрэнна і вельмі моцна расстройвае.

Павел Казлоў: У Маскву, у Пецярбург, дзе мы давалі першыя канцэрты, мы ездзілі за свой кошт, траплялі ў вельмі вялікі мінус. Але нашы сябры казалі, што мы вельмі ідэйныя. І сапраўды, калі чагосьці хочацца дабіцца, то так трэба і рабіць. Рухацца кудысьці, займацца чымсьці, прасоўвацца, шукаць чагосьці. Не сядзець. А то, маўляў, вось, я зрабіў музыку, яна нядрэнная — выкладу ў інтэрнэт, раптам хтосьці заўважыць.

— А ваша музычная ідэя якая? У чым яна спрацавала?

Ягор Шкутко: Мы спяваем пра тое, што адбываецца ў жыцці і ў нашым, і ў жыццях іншых людзей. Мы жывём у досыць савецкім горадзе. Ну і збольшага ў такой краіне, так. Хай у тыя савецкія гады мы не жылі, але, паглядзеўшы, як Мінск выглядае і што ў ім адбываецца, я думаю, што нічога не памянялася з тых часоў. Гэта датычыцца той жа архітэктуры і іншага. Наш горад — гэта наш натхняльнік. І наша жыццё ў ім. І наша грамадства ў цэлым. Таму толькі так можна сказаць пра ўсё гэта.