Мілінкевіч: Уплыў кіраўніка Еўрапарламента абсалютна не вырашальны

120117 Milinkevich_site.mp3

Еўрапарламент абраў новага старшыню. Паляка Ежы Бузэка замяніў на гэтай пасадзе немец Марцін Шульц. Старшынюючы ў Еўрапарламенце, Шульц плануе пашырыць еўраінтэграцыю і прымаць больш рашэнняў па барацьбе з фінансавым крызісам.

Мілінкевіч: Марцін Шульц - чалавек вельмі дасведчаны, і не дарма ён даўно ўжо ўзначальвае найбольшую групу ў Еўрапарламенце – нямецкую. Марцін Шульц – чалавек сацыял-дэмакратычных поглядаў, у адрозненні ад Бузэка, які правацэнтрыст.


Новы старшыня вельмі вядомы праз сваё ўменне смалянуць маланкай на тое-сёе пытанне. З-за гэтай яго якасці, былы Прэм’ер-міністр Італіі Сільвіё Берлусконі назваў Марціна Шульца ідэальнай кандыдатурай на ролю ахоўніка ў канцлагеры. Але ж палітыкі левых поглядаў заўсёды лагодней ставіліся да палітыкі беларускіх уладаў. Таму, здаецца, можна было б чакаць, што пазіцыя новага старшыні не будзе такой вострай, як пазіцыя яго папярэдніка Бузэка.

Мілінкевіч: Правыя заўсёды больш адназначна падыходзяць да маральных каштоўнасцяў, да правоў чалавека (няма нічога дзіўнага, што і Бузэк быў такім самым), але Еўрапарламент гэта не аўтарытарная арганізацыя, як нашая краіна. Там не адна асоба вырашае галасаванне па рэзалюцыях, па рашэннях, якія Еўрапарламент зацвярджае. Гэта дэмакратычная структура, і сацыял-дэмакраты там як к былі меншасцю, так і застануцца, нягледзячы на тое, што іх лідар стаў на два гады старшынёй Еўрапарламента. Кіраўнік уплывае, але гэты ўплыў абсалютна не вырашальны.
 

Але нават, калі стаўленне левых і больш лагоднае, у асуджэнні дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі Еўрапарламент збольшага згодны. Таму можна зрабіць выснову, што рэакцыя на падзеі ў Беларусі застанецца падобнай. Як уплываюць рэзалюцыі Еўрапарламента на палітыку афіцыйнага Мінска – гэта ўжо іншая справа.

Мілінкевіч: На жаль, пасля выбараў інструментаў уплыву на ўнутраную палітыку Беларусі ў Еўрасаюза амаль не засталося. Рэзалюцыі Еўрапарламента з маральнага пункту гледжання важныя, але на рэжым яны мала дзейнічаюць. Рэжым разумее размову толькі на прынцып “ты мне – я табе”, грошы ці не грошы. Таму добра, што Еўрапарламент існуе і займае такую пазіцыю, але нам самім трэба вырашаць свае праблемы.


Як той казаў, працуй, нябожа, то й Бог паможа. А ад новага Старшыні Еўрапарламенту будзем чакаць, што ягонае спрытнае слоўца неаднойчы яшчэ падтрымае працаўнікоў на ніве дэмакратыі па ўсім свеце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі