Мілінкевіч прапанаваў дапамагчы Лукашэнку з заходнімі інвестыцыямі

У інтэрв’ю агенцтву Reuters Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў сваю дапамогу дзейнай уладзе ў развіцці эканамічных адносін з Захадам. Гэтая заява прагучала не беспадстаўна.
За дзень да таго, таму ж агенцтву даў інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка, у якім вельмі выразна прагучала думка, што Беларусі неабходна супрацоўніцтва з Захадам. Цытата: “Мы стаялі на адной назе, а павінны стаяць на дзвюх. Мы знаходзімся паміж Захадам і Расіяй, мы мост паміж Расіяй і Захадам”.

Па словах прэзідэнта, Беларусь цалкам гатовая ісці на кантак з Захадам, але на пэўных умовах. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Захад не павінен ставіць немагчымыя патрабаванні. Па-першае, мы не павінны разбураць нашую палітычную сістэму, па-другое, нельга патрабаваць сыходу з пасады дзейнага прэзідэнта.

У сваю чаргу заява Мілінкевіча таксама не абышлася без умоў. Цытата: “Я гатовы да сумесных, узгодненых дзеянняў, але рэжым павінен пачаць вызваляць палітычных вязняў, даць свабоду прэсе, партыям і грамадскім арганізацыям” Канец цытаты .

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
Апошнім часам з’явілася своеасаблівая тэндэнцыя “завочных” дыялогаў двух лідэраў: лідэра апазіцыі і лідэра дзяржавы. Нагадаем, што не так даўно, як Аляксандр Лукашэнка, так і Аляксандр Мілінкевіч далі інтэрв’ю нямецкай газеце “Die Welt”. Сёння распачаць дэбаты паспрабавала агенцтва Reuters. Дарэчы, і ў першым, і ў другім выпадку ініцыятыва такіх дыялогаў зыходзіла ад еўрапейскіх СМІ.

На інтэрв’ю агенцтву Reuters Аляксандр Мілінкевіч не спыніўся. Экс-кандыдат у прэзідэнты даслаў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім заклікае дзейнага прэзідэнта да супрацоўніцтва. На жаль, мы не змаглі паразмаўляць з самім Аляксандрам Мілінкевічам з прычыны яго адлёту ў Брусель, дзе 8 лютага Еўрапарламент ладзіць Дзень Беларусі. Таму на пытанне, што натхніла лідэра апазіцыі даслаць такі ліст, адказвае прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павел Мажэйка:

“Мілінкевіч, дасылаючы ліст Лукашэнку разумеў, што на яго можа быць звернуты агонь крытыкі актывістаў дэмакратычнага руху. Але тут важна тое, што гэта прапанова дыялогу дзеля будучыні Беларусі. Неабходна дадаць Беларусі еўрапейскае крыло, якога не хапае сёння. Вось гэта стала мэтай таго ліста. Прапанаваць у пэўным сэнсе кампраміс.

Гэта не значыць, што мы заплюшчваем вочы на тое, што здарылася за час кіравання Лукашэнкі, на знікненне апанентаў, на палітычных вязняў, на знішчэнне вольнай прэсы. Але мы кажам, што дзеля будучыні Беларусі, пры выкананні нашых умоваў, мы гатовыя спрыяць кантактам Беларусі і Еўропы”.

А што думаюць на гэты конт іншыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі? Дарэчы, падчас паседжання палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў абмяркоўвалася магчымасць дыялогу апазіцыі з уладай. Распавядае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Вось такія публічныя заявы трэба рабіць, выпрацаўшы сумесную супольную пазіцыю, тым больш, што яна ёсць. Сёння заявіць Аляксандр Мілінкевіч, што гэта азначае, што заўтра Сяргей Калякін павінен таксама прапаноўваць нейкія паслугі Лукашэнку? А праз тыдзень – Вінцук Вячорка, і гэтак далей, парад такіх заяў? Павінна быць адна заява ад усёй кааліцыі і якая выпрацавана. Я думаю, што тактычна тут не зусім правільныя і адэкватныя паводзіны”.

На думку палітолага Уладзіміра Мацкевіча, прапанова дапамогі – вельмі карысны ход. Але, на жаль, нават, калі ўлада на яго пагодзіца, да поўнай дэмакратызацыі нашай краіны ён не прывядзе.

Мацкевіч:
“Гэта, я думаю, вельмі слушная прапанова. І калі б рэжым пагадзіўся на такую прапанову – была б карысць усім. Гэтым сапраўды можна было б палепшыць агульны стан у грамадстве, дабіцца таго, каб у нас не было б больш палітвязняў. Гэта мог бы быць сапраўды першы крок на дэмакратызацыю і лібералізацыю краіны.

Гэты крок можна было б зрабіць яшчэ пры гэтым рэжыме, іншая справа, сапраўднай дэмакратызацыі пры гэтым рэжыме нам дабіцца не ўдасца. Дасягнуўшы пэўнага этапу, гэты працэс будзе абавязкова замаруджаны. Таму што рэжым можа трываць пэўную дэмакратызацыю, але ж не далёка, не бясконца. Але ўсё роўна рухацца трэба, таму я б толькі вітаў такі працэс”.

На спробы даведацца, як Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на гэты ліст, у прэс-службе прэзідэнта мы пачулі:

“Мы гэты факт каментаваць не будзем”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі