Мікіта Ліхавід: Я сказаў тое, што хацелі сказаць многія

Еўрарадыё: Вы былі у сітуацыі палітвязня, вашы блізкія былі ў сітуацыі Ірыны. Словы Ірыны Халіп былі дастаткова вострымі, але яе нервовы стан можна зразумець. Вам не падаецца, што зараз не час для такіх спрэчак?

Мікіта Ліхавід: Журналісты спыталіся маё меркаванне, што я думаю пра падпісанне Саннікавым прашэння аб памілаванні. Я выказаў шчыра тое, што думаю. Пасля тых падзеяў я маю такое права, як любы грамадзянін. Ёй гэта не спадабалася, але, я думаю, заўжды была больш цывілізаваная форма выказацца, калі ёй не падабаецца мой пункт гледжання. Але апускацца да тых, так сказаць, выказванняў, якія яна сабе дазволіла ўжыць, мне здаецца, гэта няправільна.

Еўрарадыё: Тым не менш Ваша выказванне дастаткова жорсткае, можа, без такіх вострых словаў, але...

 

Мікіта Ліхавід: Я сказаў тое, што хацелі сказаць многія, але маўчалі, бо на іх адразу б спусцілі ўсіх ваўкоў.

 

Еўрарадыё: У сацсетках з’явілася меркаванне, што зараз бессэнсоўна спрачацца, хто лепшая ахвяра, а хто горшая, і варта сваю ўвагу і энэргію звярнуць на катаў і на тое, каб ахвяраў больш не было. Што вы можаце на гэта адказаць?

 

Мікіта Ліхавід: Я цалкам згодны, бо заўважыў тэндэнцыю, што зараз пачынаюць параўноўваць, хто больш пакутаваў, хто менш, хто мае права пра гэта казаць. Гэта вельмі жахлівыя рэчы. Гэта няправільна.

Еўрарадыё: Але ці не было б больш маральна выказаць Вашу пазіцыю, калі Саннікаў будзе на волі, калі будзе ўпэўненасць, што яго жыццю нічога не пагражае? Бо ён вам зараз не можа адказаць.

Мікіта Ліхавід: Я Саннікава не крытыкаваў, не казаў пра яго кепска. Я сказаў тое, што думаю пра яго, як пра палітыка пасля гэтай сітуацыі. Я сказаў як выбаршчык. Няхай я за яго не галасаваў, але я сказаў як шараговы грамадзянін краіны тое, што думаю. Усе гэтыя спрэчкі ўзніклі з яго жонкай. Халіп гэта не Саннікаў, а Саннікаў — не Халіп. З Саннікавым у мяне няма спрэчкі.

Еўрарадыё: Ці пакрыўджаныя Вы на Ірыну Халіп?

 

Мікіта Ліхавід: Я не пакрыўжданы і не трымаю зла на Андрэя Саннікава ці на Ірыну Халіп. Проста я зрабіў для сябе высновы, проста буду памятаць пра гэта ў будучым. А адмоўны вынік, ведаеце, гэта таксама вынік. Падаць руку я заўжды гатовы, калі мая сціплая дапамога некаму неабходная, я гатовы дапамагчы.

***

Нагадаем, што канфлікт паміж журналісткай Ірынай Халіп і былым палітвязнем Мікітам Ліхавідам пачаўся пасля таго, як Мікіта негатыўна выказаўся наконт таго, што экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў падпісаў прашэнне аб памілаванні:

Я лічу, што гэтага не трэба было рабіць, трэба было пакутаваць чэсна. Без сумневу, гэта вельмі моцна падарве яго палітычныя пазіцыі. Гэта тое, чаго і дамагаўся Лукашэнка: знішчыць яго, як палітыка. У прынцыпе, ён (Лукашэнка.- пазн. Еўрарадыё) атрымаў тое, што хацеў”.

Жонка Саннікава, журналістка Ірына Халіп у адказ на гэта сярод іншага назвала Ліхавіда “ўшлёпкам”:

Я пагарджаю нешматлікім маркотным лайном у асобе аднаго смаркача, якога прыхапілі ў турму выпадкова, для масоўкі, і які трохі пасядзеў — без усякага ціску, проста таму, што ён ні вышэйшай уладзе, ні спецслужбам не быў цікавы. Затое ўявіў, быццам юны ўзрост, як вайна, усё спіша — у крайнім выпадку, мама па срацы адшлёпае.

І яшчэ аднаго прыдурка, які 19 снежня заклікаў “цікаць з плошчы”, раніцай быў на свабодзе і асудзіў усіх нас у эфіры БТ, а цяпер заняты зборам подпісаў за змяненне нейкага там закона, які як не працаваў без зменаў, так не будзе працаваць і пры любых зменах. Зрэшты, усяго два ўбогія ўшлёпкі на фоне нармальна думаючай большасці — такі баланс выклікае аптымізм. Яшчэ раз усім дзякуй. Мы вытрымаем і выстаім”.

На гэта Мікіта Ліхавід адказаў пастом у фэйсбуку:

"Хтосьці, відаць, вырашыў, што яны “правільныя”, а мы — не. Яны эліта, а мы ўсяго толькі шэрая маса, якая нікога не цікавіць і цікавіць можа толькі ў медыцынскіх мэтах. Ім дазволена, а нам не".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі