Міхалок: Харэаграфічныя ансамблі ачысцілі аўру на сцэне (фота)

Як і чакалася, галоўным трыумфатарам стаў “Ляпіс Трубецкой”, які атрымаў адразу тры кароны. “Ляпіс Трубяцкой” перамог адразу ў трох намінацыях на Рок-каранацыі-2008. Уручэнне карон адбылося ў суботу ўвечары ў Маладзечне. Гурт адзначылі за лепшы альбом (“Маніфест”) і лепшую песню (“Зорачкі”). Таксама “Ляпісам” далі галоўную рок-карону, прызнаўшы гурт найлепшым калектывам мінулага года. Нешта падобнае было ў “Ляпісаў” 12 гадоў таму.

На каранацыі-1996 ім таксама далі галоўную карону, альбом “Ранетое сердце” прызналі лепшым, а таксама былі адзначаныя тэксты Сяргея Міхалка. Пасля гэтага гурт зацкавалі журналісты і іншыя музыкі: маўляў, рок-карону далі папсавікам. Адкрываючы каранацыю ’97 Міхалок ва ўласцівай яму сцёбнай манеры распавёў пра свае папсовыя пяткі, што топчуць святую рок-сцэну і праспяваў песню-імправізацыю пра сябе самога.

Нягледзячы на былыя крыўды, “Ляпісы” зноў выступілі на каранацыі, атрымаўшы галоўны прыз. Еўрарадыё адшукала Сяргея Міхалка і Паўла Булатнікава ў грымёрцы адразу пасля выступу і запыталася, як ім далося вяртанне ў “беларускія рок-каралі”.

Міхалок: “Я выступаў на сцэне Дома культуры, дзе выступаюць розныя харэаграфічныя ансамблі, выступаюць цудоўныя аркестры. Вось яны ачысцілі аўру. Перад намі, напрыклад, выступаў добры аркестравы бэнд, які граў якасную, олд-скульную музыку, таму якая ж гэта рок-н-рольная сцэна. Я не бачыў ніводнага выступу сёння, але і так упэўнены, што на такое мерапрыемства “дурныя” калектывы не запросяць.

Мы ніколі не былі гуртом, які павальна ўсе любілі, хіба што гэтыя апошнія гады, калі мы здымаем вяршкі з таго малака, што мы доўга, як жабы мясілі. Я лічу, што чым больш рэгалій, тым больш канцэртаў. Таму што людзі ў нас замбіраваныя, і калі яны лішні раз прачытаюць у газеце пра ўзнагароду, ім захочацца паглядзець 
– “раздутыя” гэта зоркі ці рэальныя артысты.

Няхай прыходзяць на канцэрты! Мне ўсё роўна, хто гэта будзе
гопнікі, людзі “ў тэме” ці “не ў тэме”, субкультуршчыкі якія-небудзь, панкі, мне не важна. У кожным разе многія з іх застануцца з намі надоўга, а гэта добра”.



У сваю чаргу другі вакаліст “Ляпісаў” Павел Булатнікаў адзначае, што і сёння гурт не прэтэндуе на прыстаўку “рок”.

Павел Булатнікаў: “Сёння мы “тапталі” ўжо іншую сцэну і іншымі пяткамі. Мы, дарэчы, не прэтэндуем на слова рок. Нас намінавалі значыцца, прызналі нашы сціплыя заслугі на рок-сцэне”.


Кожнае з аддзяленняў “Рок-каранацыі” адкрываў маладзечанскі сімфанічны аркестр. Яго дырыжор Рыгор Сарока пасля канцэрта не хаваў свайго задавальнення.

Сарока: “Нам эксперымент выступу на адной сцэне з рок-музыкантамі спадабаўся, гэта вялікая пашана для нас выступіць з такімі гуртамі як “Ляпісы”. Мае музыканты былі вельмі задаволенымі. Мы больш акадэмісты, канешне, але сёння мы бачылі цудоўныя прыклады рок-выканаўцаў. Лідэры, безумоўна, гэта “Ляпісы”, але таксама спадабаліся і “Нейра Дзюбель”, і цудоўны гурт “Без Білета”.


Між тым, рокерам так і не ўдалося сыграць разам з аркестравым біг-бэндам, пра што абяцалася напярэдадні. Абяцанні абяцаннямі, але рэпетыцый арганізатары не забяспечылі, а граць у рэжыме імправізацыі ніхто не рызыкнуў. Таму роля біг-бэнду звялася да запаўнення паўз паміж выступленнямі гуртоў.

Распачаў канцэрт, адразу пасля сімфанічнага аркестра, рок-кароль 2007 года — “Нейра Дзюбель”, які парадаваў новай песняй. Праўда, сапсаваў уражанне кепскі гук у перапоўненай залі і вялікі “жыраф” аператара, які закрываў сцэну ледзь не палове прысутных.

На выхадзе са сцэны Аляксандр Кулінковіч падзяліўся з Еўрарадыё сваімі думкамі наконт пераезду “каранацыі” з Мінска ў Маладзечна.

“Я лічу, што плюс ужо ў тым, што каранацыя хаця б ссунулася з месца. Апошнім часам гэта было такое заскарузлае мерапрыемства, якое адбывалася ў адным і тым жа месцы, па аднолькавым сцэнары… ну і гурты адны і ты ж гралі. Зрушылася. Мы выехалі з Мінска гэта ўжо добра”.

Бадай, пераездам у іншы горад ды адсутнасцю сярод намінантаў Лявона Вольскага ўсе змены і абмяжоўваюцца.

Гурт IQ48 выступае ўжо на трэцяй каранацыі запар і кожны раз застаецца без кароны. Сёлета, каб нейкім чынам аргументаваць іх прысутнасць на сцэне, арганізатары ўвялі спец-прыз ад партала generation.by. Музыкам падаравалі анімацыйны кліп. Самі ж IQ48 падрыхтавалі для прыхільнікаў сюрпрыз. Замест саксафаніста на сцэну выйшаў другі гітарыст. Нечаканая змена ў гучанні (да таго ж новага музыканта з-за праблем з гукам нават не было чуваць) выклікала розныя ўражанні. Па залі пранесліся воклічы: дзе падзелі саксафон?! А суседка побач адзначыла: гэта ж “Гражданская Оборона”.


IQ48

Пераможца ў намінацыі “Адкрыццё года” — гурт Esprit — быў вядомы задоўга да мерапрыемства. Яго вызначылі шляхам галасавання ў інтэрнэце. Адсутнасць інтрыгі, а таксама дэградацыя самой намінацыі не выклікалі ў публікі ніякай цікавасці. Паспрабуйце параўнаць Esprit з ранейшымі дэбютантамі. “ДетиДетей”, “Куклы”, “Impatt” — усе яны амаль ні ў чым не саступалі галоўным каралям. Сёлета ж прорва паміж “адкрыццём” і “каралём” як ніколі глыбокая. Тым не менш, дэбют на каранацыі для маладога гурта — вялікае дасягненне.

“Мы доўга ішлі да таго, каб стаць “Адкрыццём года”, але фактычна адбылося гэта для нас нечакана, таму што актыўную канцэртную дзейнасць мы распачалі толькі ў сярэдзіне мінулага года, — расказвае вакалістка гурта Лея Гілар. — І стаць адкрыццём года 2008 гэта не тое што заканамерна, гэта нават вышэй за нашы чаканні. Мы думалі толькі заявяць пра сябе, а адразу атрымалі ўзнагароду. Прычым такую, аб якой многія гурты толькі мараць”.


Музыкі “Троіцы” павезлі з сабой у Мінск малую карону ў намінацыі “Традыцыі і сучаснасць”, хаця калектыў прэтэндаваў таксама як на намінацыю “Лепшы альбом”, так і на галоўную карону. Цікава, што роўна 10 гадоў таму “Троіцы” ўжо давалі “Традыцыі і сучаснасць”.


У вызначэнні рок-князёўны, як і заўсёды, ніякай інтрыгі не было. За год Аня Хітрык з “адкрыцця” дарасла да звання лепшай рок-спявачкі на беларускай сцэне, хаця сама яна са свайго “княжацкага” тытулу жартуе.

Аня Хітрык: “Ну якая я князёўна?! Паглядзіце на мяне! Мы прэзентавалі на канцэрце новую песню. Вось гэтаму мы радуемся больш!”

Сваю перамогу Аня адзначала ў бары, піючы піва з крыштальнай кароны.



Адразу дзве маленькія кароны атрымаў Віталь Артыст. Ён стаў выканаўцам года, а кліп гурта “Без білета” “Мечтатели” прызналі лепшым музычным відэа.


Уручэнне карон, як звычайна, расцягнулася ажно на чатыры гадзіны. Не заўсёды ўсе гледачы маглі датрываць да канца. Узгадаем, напрыклад 2006 год. RASTA тады выступала амаль перад пустой залай. Гэтым разам усё было наадварот. Па-сапраўднаму зала “выбухнула” з першым крокам Міхалка па сцэне. Склалася ўражанне, што гэта сольны канцэрт “Ляпісаў”, якіх 3,5 гадзіны разагравалі іншыя музыкі. Новаспечаныя “каралі” адыгралі 30 хвілін і песняй “Харэ” завяршылі каранацыю, адразу папярэдзіўшы, што “бісу” не будзе. Цікава, што лепшая песня года “Зорачкі” так і не прагучала.

“Задача была такая — сыграць ёміста, хутка і без лірычных адступленняў, — тлумачыць Павел Булатнікаў. — Мы ведалі, што нам адвялі невялікі прамежак часу. Каб нам далі больш часу, мы б маглі сыграць нешта з лірыкі. Акрамя таго мы папросту маглі б сыграць больш!”

Булатнікаў прызнаўся, што ніхто з музыкаў не памятае, дзе падзеліся ранейшыя кароны, а вось хто возьме сабе сёлетнія, пакуль не вырашылі.

“Вось сённяшнія тры ўжо пачалі дзяліць. Хто наймацнейшы той і мае рацыю, у нас звычайна так!”  дадаў Павел.

Дарэчы, у грымёрцы быў заўважаны і сын Сяргея Міхалка Паша. Ён распавёў Еўрарадыё, што таксама мае свой гурт, які грае ў стылі “панк”.

“Тата мне распавядае пра розныя музычныя стылі, а я сам шукаю гурты, якія граюць тую ці іншую музыку. Я сам ужо год граю на гітары ў адным гурце, мы граем панк-рок. Але паколькі мы граем з большага для сябе, пакуль ў нас няма назвы, і сваіх песень назбіраецца штук 8. Тэксты для песень мы пішам сумесна з сябрамі, а тата нам дае парады”.


Падсумаваць вынікі каранацыі мы папрасілі аднаго з арганізатараў мерапрыемства Паўла Кашырына.

Павел Кашырын: “Усю Рок-каранацыю я ўвогуле не мог бачыць, натуральна. Толькі адсодкаў 10, астатні час я займаўся сваімі прамымі абавязкамі арганізацыяй. Меркаванні самыя розныя – камусьці з музыкантаў спадабалася, камусьці не. Можа быць нейкай пампезнасці неставала, можа быць. А так, мне падаецца, ўсё было нармальна”.

Рок-каранацыю-2008 можна назваць самай прадказальнай і амаль зусім пазбаўленай інтрыг. Амаль усе намінанты былі вядомыя загадзя. Не цяжка было здагадацца, што менавіта “Ляпісы” возьмуць большасць узнагарод, а Аня Хітрык стане князёўнай. Складана было прадказаць хіба толькі кліп года. Не было сёлета і зайздрасці ў музыкаў, затое адчуваўся лёгкі халадок у грымёрцы: адразу пасля свайго сэту многія хуценька збіраліся і пакідалі маладзечанскі Дом культуры.


Музыкі з аркестру



Журналіст Зміцер Падбярэзскі абвяшчае рок-каралёў










Вялікі фотарэпартаж таксама можна паглядзець тут.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі