Міф ці рэальнасць? Пяць фактаў пра "беларускіх калектараў"

Миф или реальность? Пять фактов о "белорусских коллекторах"

Пасля гісторыі з мінчанкай Валерыяй, якой патэлефанавала "калектар" і ў вельмі грубай форме пачала патрабаваць вяртання даўгоў, мы вырашылі даведацца, што на самой справе могуць рабіць "калектары". Ці маюць яны права вешаць аб'явы, сустракаць даўжніка ля пад'езда і купляць даўгі?

Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё мы вырашылі пагаварыць з юрыстам, кандыдатам навук, дацэнтам, прадстаўніком юрыдычнай групы "Бюро 24", якая займаецца спагнаннем даўгоў, Аляксеем Корачкіным.

 

1. Ці існуюць у прынцыпе ў Беларусі калектары?

"Калектарская дзейнасць ніяк не ўрэгуляваная беларускім заканадаўствам. Раней Нацбанк выходзіў з такой ініцыятывай, але яна не рэалізаваная. Таму з пункту гледжання закона, называць людзей, якія спаганяюць даўгі ў Беларусі, калектарамі няправільна".

 

2. Ці могуць калектары сустракаць чалавека ля пад'езда і праводзіць на працу?

Паняцце працы калектара сфармавалася з фільмаў і навін з іншых краін, але ў Беларусі такім не займаюцца.

"Паняцце "калектар" звязанае з тым, што мы бачым у кіно ці ў навінах з іншых краін. Там калектары ўступаюць у кантакт з даўжніком і псіхалагічна ціснуць на яго, каб ён вярнуў абавязак. Яны могуць тэлефанаваць і праводзіць з дому на працу. Мы такім не займаемся. Мы аказваем юрыдычныя паслугі для падачы дакументаў у кампетэнтныя органы і суправаджэнне на этапе вытворчасці і працы з судовымі выканаўцамі".

Калі казаць прасцей, то юрысты дапамагаюць крэдыторам падрыхтаваць дакументы ў суд і потым нагадваюць судовым выканаўцам пра сябе. Яны падаюць выканаўцам дадатковую інфармацыю пра маёмасць даўжнiка, якую можна арыштаваць і прадаць.

 

3. А аб'явы на пад'ездзе можна вешаць?

Гэта магчыма, калі ёсць рашэнне суда, што чалавек вінен нейкую суму.

"Калі рашэння няма, то можна трапіць у сітуацыю, калі ты нешта патрабуеш, не маючы на тое падстаў. Мы дзейнічаем толькі на стадыі, калі ёсць рашэнне суда. Тады можам ўступаць у кантакт з даўжніком, нагадваючы пра яго запазычанасць, пытаем пра магчымасць пагасіць яе і тэрміны. Прапануем разумныя межы па растэрміноўцы і адтэрміноўцы пагашэння доўгу, гэтак жа нагадваючы, што заканадаўча прадугледжана для тых асоб, якія не плацяць даўгі".

Заканадаўства прадугледжвае як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць. Калі чалавек аддасць доўг без удзелу судовага выканаўцы, то яму не трэба будзе плаціць 10 працэнтаў, якія выканаўца спаганяе сабе.

 

4. Ці можна псіхалагічна ціснуць на даўжніка?

Законам гэта не забаронена.

"Але нам здаецца, што ў большасці выпадкаў размовы могуць не прынесці эфекту. Можна раз пагаварыць, але калі выніку няма, то гэта пустая трата часу. Ёсць людзі, якія, бачачы, што прайгралі справу, спрабуюць вывесці і схаваць свае актывы, таму значна больш эфектыўна звярнуцца да судовага выканаўцы".

 

5. "Калектары" купляюць запазычанасць?

Сапраўдныя калектары выкупляюць даўгі, у Беларусі — толькі прадастаўляюць паслугі за плату.

"У нас выкуп даўгоў ніяк не агавораны ў заканадаўстве. Тыя людзі, якія ў нас называюцца калектарскімі агенцтвамі, яны не з'яўляюцца спагнаннікамі, крэдыторамі. Яны дзейнічаюць у інтарэсах крэдытора і атрымліваюць потым ад яго ўзнагароджанне. Гэтыя даўгі не становяцца іх даўгамі, яны не набываюць гэты доўг сабе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі